За першую палову 2024 году больш як у 20 тысяч чалавек у Беларусі здарыўся інсульт, расказаў загадчык нэўралягічнага аддзяленьня для інсультных хворых Менскага навукова-практычнага цэнтру хірургіі, трансплянталёгіі і гематалёгіі Яраслаў Жалняркевіч на прэс-канфэрэнцыі 23 кастрычніка.
Паводле Яраслава Жалняркевіча, у 2023 годзе інсульт у Беларусі дыягнаставалі больш як у 41 тысячы чалавек. Паводле Міністэрства аховы здароўя, у 2022 годзе ў Беларусі зарэгістравалі амаль 40 тысяч інсультаў.
«Захворвальнасьць высокая, праблема актуальная», — адзначыў мэдык, яго цытуе «Позірк».
Загадчык лябараторыі неадкладнай і інтэрвэнцыйнай кардыялёгіі РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Бяйманаў адзначыў праблему падрыхтоўкі кадраў для аказаньня высокатэхналягічнай дапамогі пры лекаваньні інсульту, адзначыўшы, што за апошнія гады для гэтых мэтаў падрыхтавалі каля 50 лекараў.
Паводле зьвестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі больш за 20 нэўралагічных аддзяленьняў для інсультных хворых, 11 — міжраённыя цэнтры. У краіне 2,1 тысячы ложкаў для аказваньня дапамогі такім хворым.
Каб пазьбегнуць інсульту, мэдыкі заклікаюць беларусаў кантраляваць хранічныя захворваньні, якія становяцца прычынай парушэньня мазгавога кровазвароту. Гэта артэрыяльная гіпэртэнзія, захворваньні сэрца, атэрасклероз сасудаў галаўнога мозгу, цукровы дыябэт.
«Першае, што мы павінны зрабіць, — спраўдзіць узровень ліпідаў (іх высокія значэньні паказваюць на высокую рызыку разьвіцьця сардэчна-сасудзістых паталёгіяў). Другое — паглядзець на ўзровень глюкозы», — патлумачыў Аляксандар Бяйманаў.
Таксама, паводле яго, важна правяраць артэрыяльны ціск.
Акрамя гэтага, спрыяюць парушэньню мазгавога кровазвароту шкодныя звычкі, напрыклад курэньне.
«Чацьвертае, на што мы зьвяртаем увагу, — гэта курэньне. Калі ў чалавека ёсьць такая шкодная звычка, трэба паспрабаваць кінуць», — падкрэсьліў экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: палітвязьня, у якога ў калёніі здарыўся інсульт і інфаркт, хочуць прымусова накіраваць у псыхіятрычны шпіталь ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У асуджанага фатографа-палітвязьня ў турме здарыліся інфаркт і інсульт