Міністар абароны ЗША Лойд Остын у інтэрвію тэлеканалу Fox News патлумачыў, чаму Злучаныя Штаты не даюць Украіне дазволу на ўдары амэрыканскімі далёкасяжнымі ракетамі ўглыб тэрыторыі Расеі.
Паводле міністра, адна з прычынаў палягае ў тым, што расейскія вайскоўцы ўжо перадысьлякавалі баявыя самалёты на адлегласьць больш за 300 кілямэтраў ад лініі фронту — і, такім чынам, яны цяпер па-за зонай дасяжнасьці ракет ATACMS.
Іншая прычына — у тым, што ва Ўкраіны, паводле Лойда Остына, ёсьць магчымасьці паражаць аб’екты ў расейскім тыле і без амэрыканскіх ракетаў. Ён згадаў украінскія дроны, якія могуць атакаваць аб’екты, разьмешчаныя за 400 кілямэтраў ад мяжы і нават далей. Паводле міністра, ЗША садзейнічалі Ўкраіне ў вытворчасьці баявых бесьпілётнікаў.
Афіцыйны Кіеў настойвае, каб заходнія саюзьнікі дазволілі Ўкраіне наносіць удары па расейскіх тылах заходняй зброяй. Пры гэтым прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней таксама прызнаваў, што Расея ўжо прыбрала самалёты ад лініі фронту і яны сталі менш уразьлівымі.
Остын, які нядаўна наведаў Кіеў, заявіў, што «абсалютна» перакананы ў здольнасьці Ўкраіны атрымаць перамогу нават без дазволаў на ўдары далёкасяжнай зброяй. ЗША і іх саюзьнікі, паводле яго, распрацоўваюць плян дзеяньняў па падтрымцы «пляну перамогі», прадстаўленага раней прэзыдэнтам Украіны. Пры гэтым у пляне Зяленскага прадугледжаныя, апроч іншага, і ўдары па расейскіх вайсковых і стратэгічных аб’ектах далёкасяжнай зброяй.
Гаворачы пра магчымую перамогу Ўкраіны, Остын апісаў яе так: «Захаваньне Ўкраіны як сувэрэннай дзяржавы, якая можа абараніць сваю тэрыторыю і стрымаць любую агрэсію ў будучыні». Амэрыканскі міністар абароны не ўдакладніў, ці мае ён на ўвазе аднаўленьне кантролю Ўкраіны над усёй яе міжнародна прызнанай тэрыторыяй, на чым настойвае Кіеў.
Камэнтуючы паведамленьні пра магчымую адпраўку паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Расею для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, Остын адзначыў, што службы выведкі ЗША правяраюць гэтую інфармацыю, і калі яна акажацца дакладнай, яна будзе сьведчыць, што Ўладзімір Пуцін «аслабеў значна больш, чым думае большасьць людзей».
Ужо пасьля таго, як было запісанае інтэрвію на Fox News, Остын на прэсавай канфэрэнцыі ў Рыме пацьвердзіў, што ЗША маюць зьвесткі пра адпраўку вайскоўцаў з КНДР у Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны ЗША: выкарыстаньне амэрыканскай зброі Ўкраінай для нанясеньня далёкіх удараў па Расеі ня зьменіць хаду вайны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША перадалі Ўкраіне новую вайсковую дапамогу на 400 мільёнаў даляраў