У Менску прайшло пасяджэньне супольнай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расеі, для ўдзелу ў якім у Беларусь прыбыў міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў. З 2018 году гэта першае пасяджэньне на тэрыторыі Беларусі ў вочным фармаце, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
Адкрываючы пасяджэньне, міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што «інтэграцыя ў справе гарантаваньня бясьпекі саюзнай дзяржавы адыграе вырашальную ролю».
«У гэты складаны пэрыяд глябальнага супрацьстаяньня паміж Захадам і Ўсходам мы працягваем падтрымліваць дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва, яго далейшае разьвіцьцё і паглыбленьне ў інтарэсах захаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці нашых дзяржаў. Супольнае вырашэньне задач у вайсковай сфэры зьяўляецца асновай стабільнасьці ня толькі нашых краінаў, але і важным чыньнікам стратэгічнага стрымліваньня пагрозаў для АДКБ», — заявіў Віктар Хрэнін.
Міністар абароны Расеі Андрэй Белавусаў на пасяджэньні заявіў, што адаптаваная да «новых рэаліяў» дзяржаўная палітыка Расеі «дапускае магчымасьць ужываньня ядзернай зброі ў адказ на агрэсію супраць Беларусі».
Таксама Андрэй Белавусаў адзначыў, што супрацоўніцтва зь Беларусьсю «асаблівае важнае ва ўмовах адкрытага ціску з боку калектыўнага Захаду».
«Павелічэньне ўцягнутасьці краін Захаду ў канфлікт ва Ўкраіне стварае глябальныя рызыкі. Імкненьне нанесьці максымальную шкоду Расеі можа прывесьці да прамога ваеннага сутыкненьня ядзерных дзяржаў. Мы ня можам не рэагаваць на гэтыя пагрозы», — сказаў расейскі міністар.
Паводле яго, Беларусь і Расея працягваюць фармаваць адзіную абаронную прастору.
Віктар Хрэнін паведаміў, што генштабы Ўзброеных сіл Беларусі і Расеі пачалі рыхтавацца да правядзеньня вучэньняў «Захад-2025», якія будуць галоўнай падзеяй у супольнай падрыхтоўцы органаў ваеннага кіраваньня і войскаў у наступным годзе. На пасяджэньні зацьвердзілі задуму гэтых вучэньняў, а таксама плян супрацоўніцтва, які прадугледжвае больш за 160 супольных мерапрыемстваў.
Адзначаючы посьпехі двухбаковага супрацоўніцтва, Хрэнін у першую чаргу назваў «разьвіцьцё і ўдасканаленьне рэгіянальнай групоўкі войскаў, абмен досьведам спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (так у Маскве і Менску называюць разьвязаную Расеяй вайну ва Ўкраіне — РС), а таксама супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры, «дзе бакі працягнулі аказваць адзін аднаму падтрымку ў пастаўках неабходных узбраеньняў і вайсковай тэхнікі».
У 2022 годзе пасьля вучэньняў «Саюзная рашучасьць», якія адбываліся ў Беларусі, Расея пачала ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну.
22 кастрычніка расейскі амбасадар Барыс Грызлоў паведаміў, што Расея і Беларусь рыхтуюцца да падпісаньня двухбаковай дамовы аб гарантыях бясьпекі і абноўленай канцэпцыі бясьпекі саюзнай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Грызлоў заявіў, што Масква дапаможа Лукашэнку ліквідаваць «беспарадкі» на прэзыдэнцкіх выбарах 2025 года