У сьпісе дасьледавалі 142 краіны. Беларусь заняла ў ім 105-е месца.
Пры фармаваньні сьпісу ўлічваюцца восем паказьнікаў:
- абмежаваньне паўнамоцтваў ураду;
- адсутнасьць хабарніцтва;
- адкрытасьць ураду;
- базавыя правы;
- парадак і бясьпека;
- прававая база;
- грамадзянская юстыцыя;
- крымінальная юстыцыя
Беларусь знаходзіцца вельмі нізка ў пунктах абмежаваньня паўнамоцтваў ураду (138-е месца), адкрытасьці ўраду (134-е месца), базавых правоў (129-е месца).
Найлепшая пазыцыя сярод васьмі чыньнікаў у Беларусі — у пункце «парадак і бясьпека» (39-е месца).
Раней Беларусь была ў сярэдзіне рэйтынгу вяршэнства закону. Аднак масавыя рэпрэсіі за пратэсты 2020 году рэзка пагоршылі становішча краіны. У рэйтынгу-2021 Беларусь апусьцілася адразу з 68-га на 97-е месца. Найлепшы вынік быў у 2015 годзе — 48-е месца.
Найніжэйшае месца сярод суседзяў Беларусі сёлета заняла Расея. Яна адзіная з усіх суседзяў, якая ў сьпісе ніжэйшая за Беларусь — на 113-м месцы. Украіна — 88-я, Польшча — 33-я, Літва — 18-я, а Латвія — 21-я.
Краінай з найвышэйшым вяршэнствам закону прызнаная Данія, на другім радку Нарвэгія, а замыкае тройку Фінляндыя.
Самая бяспраўная краіна сьвету — Вэнэсуэла, побач зь ёй — Камбоджа і Афганістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь пагоршыла свае паказчыкі ў глябальным рэйтынгу Freedom House «Свабода ў інтэрнэце» за 2024 год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — у сьпісе 10 краін з найбольшай сьмяротнасьцю і ў канцы рэйтынгу нараджальнасьці