Чатырнаццацігадовую школьніцу з Горадні, якая вырашыла зарабіць на закладках наркотыку клефэдрону (4-СМС), затрымалі і ў выніку асудзілі на 10 гадоў калёніі, паведамілі 22 кастрычніка ў эфіры «Беларусь 4».
Паводле памочніцы пракурора Горадні Дар’і Пачобут, школьніца «ў складзе арганізаванай групы ажыцьцяўляла незаконнае абарачэньне асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва 4-СМС вагой каля аднаго грама». Памочніца пракурора адзначыла, што школьніца займалася распаўсюдам наркотыкаў «на працягу кароткага часу».
Суд Кастрычніцкага раёну Горадні прызначыў школьніцы пакараньне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі, прызнаўшы яе вінаватай паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў, іх прэкурсараў і аналягаў, учынены арганізаванай групай»).
Як расказала начальніца інспэкцыі ў справах непаўналетніх Кастрычніцкага РАУС Горадні Дзіяна Алешчык, падлеткі знаходзілі аб’явы пра нелегальны заробак у сеціве. Зь імі зьвязваўся куратар і абяцаў лёгкія грошы: падлеткі павінны былі забіраць наркотыкі, расфасоўваць і распаўсюджваць іх шляхам так званых закладак у Горадні.
«Усе падлеткі з пасьпяховых сем’яў, самі наркотыкі не ўжывалі, у поле зроку міліцыі раней не траплялі», — адзначыла яна.
Паводле прадстаўніцы РАУС, на ўсіх затрыманых у Горадні падлеткаў завялі крымінальныя справы паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Колькасьць затрыманых яна не назвала, але адзначыла, што ўсім ім пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў зьняволеньня.
Паводле закону, крымінальная адказнасьць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў (да іх адносяць і абарачэньне наркотыкаў) падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасьці з 14 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацела быць чэмпіёнкай у боксе». Як 17-гадовая магіляўчанка атрымала 8 гадоў «за наркотыкі»- Другой групай па рэпрэсіях пасьля палітвязьняў, паводле праваабаронцаў, застаюцца асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў: яны складаюць амаль траціну ад агульнай колькасьці грамадзян, якіх пазбавілі волі.
- У Беларусі вельмі жорсткае антынаркатычнае заканадаўства. Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў. Яшчэ ў 2017 годзе маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкула заснавалі рух «Маці-328», які дамагаецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Яны, у прыватнасьці, праводзілі галадоўкі.
- Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, бо не адрозьнівае рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў ад дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.