Вядомы беларускі мовазнаўца, доктар філялягічных навук, прафэсар Генадзь Цыхун памёр 18 кастрычніка 2024 году. Яму было 87 гадоў.
Генадзь Цыхун нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 году ў вёсцы Кунцаўшчына Горадзенскага раёну. Сын пісьменьніка і краязнаўцы Апанаса Цыхуна.
У 1958 годзе скончыў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Філёляг. Выкладнік баўгарскай мовы і літаратуры» і стаў навуковым супрацоўнікам Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Вучыўся ў аспірантуры на катэдры славянскай філялёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэта, стажаваўся ў Сафійскім унівэрсытэце.
З 1966 году пачаў паралельна выкладаць у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце дыялекталёгію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, баўгарскую і македонскую мовы. З 1968 году — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1982 годзе ў Менску абараніў доктарскую дысэртацыю «Тыпалягічныя праблемы балкана-славянскага моўнага арэалу».
У 1991–1993 гадах быў старшынём Камісіі па ўдасканаленьні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. У 1993–1994 гадах працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненьні правапісу беларускай мовы. З 1995 году — старшыня Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.
Быў старшынём Таварыства «Беларусь—Баўгарыя» і намесьнікам старшыні Беларускага камітэту славістаў, акадэмікам Міжнароднай акадэміі Эўразіі, ганаровым доктарам Сафійскага ўнівэрсытэту, сябрам Македонскай акадэміі навук, ганаровым сябрам Міжнароднага камітэту славістаў.
У кола навуковых інтарэсаў Генадзя Цыхуна ўваходзілі этымалёгія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучаў з дасьледаваньнямі ў галіне беларускай мовы. Ён суаўтар і рэдактар тамоў «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы».
Генадзь Цыхун зрабіў больш за 300 публікацыяў аб тыпалёгіі славянскіх моваў і іхных сувязях, праблеме праславянскай мовы, беларускай этымалёгіі, дыялектнай мове, у тым ліку гаворках Палесься, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.
«Генадзь Цыхун ніколі ня быў сухім аналітыкам моўных працэсаў, сярод ягоных галоўных каштоўнасьцяў заўсёды было права беларускае мовы на квітненьне й будучыню. Ён увёў у беларускую навуковую прастору паняцьце экалінгвістыкі, сьмела пісаў пра „моўны канфармізм“ і „моўную дывэрсію“, якімі характарызуецца і беларуская моўная сытуацыя.
Ён падтрымліваў сваім навуковым аўтарытэтам працэс адраджэньня беларускае мовы ў яе багацьці, вяртаньня гістарычных традыцыяў. Ён старшыняваў у Правапіснай камісіі ТБМ, якая мела задачай знайсьці паразуменьне ў сытуацыі двух правапісаў. А калі над беларускай прэсай, якая выкарыстоўвала тарашкевіцу, навісла пагроза закрыцьця за гэта, Генадзь Цыхун 12 жніўня 1998 году пайшоў у Гаспадарчы суд Беларусі — і суд прыняў аргумэнты прызнанага экспэрта, прызнаў права на жыцьцё клясычнага правапісу», — узгадвае Генадзя Цыхуна беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Генадзь Цыхун: беларуская мова існуе шмат стагодзьдзяў