Другога беларускага добраахвотніка завочна асудзілі ў Данецку на 14 гадоў зьняволеньня

Ілюстрацыйнае фота. Шаўрон добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага

Суд так званай «ДНР» завочна асудзіў на 14 гадоў пазбаўленьня волі добраахвотніка палка імя Кастуся Каліноўскага, 21-гадовага грамадзяніна Беларусі Аляксандра Думбляўскаса.

Беларус прызнаны вінаватым паводле ч. 3 арт. 359 Крымінальнага кодэксу Расеі («Удзел найміта ва ўзброеным канфлікце») за тое, што «ў пэрыяд з лютага 2022 году па ліпень 2024 году ў складзе палка імя Кастуся Каліноўскага прымаў удзел у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны», гаворыцца на сайце пракуратуры акупаванага Расеяй Данецку.

Раней Аляксандра Думбляўскаса «абвясьцілі ў міжнародны вышук» і завочна арыштавалі.

Аляксандар Думбляўскас — сірата. Ён быў сябрам 17-гадовага Дзьмітрыя Стахоўскага, таксама сіраты, які ў траўні 2021 году загінуў, скінуўшыся з 16-га паверху менскага інтэрнату пасьля ціску сілавікоў.

На Думбляўскаса і Стахоўскага тады завялі крымінальную справу паводле арт. 293 ч. 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Удзел масавых беспарадках») за ўдзел у пратэстах 2020 году. Думбляўскаса затрымалі і ён прасядзеў 11 месяцаў у беларускім СІЗА. Пасьля выхаду на волю яго эвакуавалі зь Беларусі.

Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне Думбляўскас далучыўся да палка Каліноўскага, узяў пазыўны «Тунгус».

  • У ліпені Басманны раённы суд Масквы завочна арыштаваў грамадзян Беларусі Яна Дзюрбейку і Аляксандра Думбляўскаса, добраахвотнікаў з палка Кастуся Каліноўскага.
  • 17 верасьня пракуратура так званай «ДНР» накіравала ў суд справу супраць 28-гадовага Яна Дзюрбейкі, які, як мяркуецца, трапіў у расейскі палон у часе бою ля гораду Лісічанску Луганскай вобласьці 26 чэрвеня 2022 году. 7 кастрычніка яго завочна асудзілі на 14 год зьняволеньня.
  • Варта адзначыць, што байцы палка Яна Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў («Клешч») трапілі ў расейскі палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 году. З таго часу пра тое, дзе яны і ў якім стане, невядома. Месцазнаходжаньне Думбляўскаса таксама невядомае.
  • Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 году. 26 сакавіка таго ж году ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, пазьней трансфармаваўся ў полк.
  • У Беларусі па факце стварэньня палка Каліноўскага завялі крымінальную справу, ён прызнаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Любая дапамога палку ці нават намер дапамагчы, а таксама жаданьне ўступіць у полк жорстка перасьледуецца ўладамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сёньняшняе жыцьцё не прамяняў бы на беларускую стабільнасьць». Гісторыі былых добраахвотнікаў, якія вярнуліся з вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне адзначаюць Дзень абаронцаў. За тэрытарыяльную цэласнасьць краіны загінулі больш за 60 беларусаў