Паводле прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова, на сустрэчы доўга абмяркоўвалі сытуацыю ва Ўкраіне, а таксама абмяняліся меркаваньнямі пра адносінах з заходнімі краінамі.
Адказваючы на пытаньне, ці гаварылі кіраўнікі Расеі і Кітаю пра адносіны з ЗША, Пяскоў сказаў: «З „калектыўным Захадам“, яны закраналіся. Справа ў тым, што і на нашы інтарэсы замахваюцца, і на інтарэсы Кітая».
Масква і Пэкін наладжваюць усё больш шчыльныя сувязі з таго часу, як Расея ў лютым 2022 году пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну. Кантакты Расеі і Кітаю выклікаюць занепакоенасьць на Захадзе, бо абедзьве гэтыя дзяржавы імкнуцца пашырыць свой глябальны ўплыў, заўважае ў сувязі зь перамовамі Пуціна і Сі агенцтва AFP.
Reuters, у сваю чаргу, нагадвае пра словы прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна, які казаў, што дэмакратычныя краіны сутыкаюцца цяпер з выклікамі з боку такіх аўтакратыяў, як Расея і Кітай. Вашынгтон лічыцца найбуйнейшым саюзьнікам Украіны і ўзначальвае міжнародныя намаганьні з мэтай дапамагчы Кіеву абараніцца ад расейскага ўварваньня і ўмацаваць абарону Украіны. Байдэн у свой час называў Сі «дыктатарам», а Пуціна «забойцам». І Пэкін, і Масква раскрытыкавалі амэрыканскага лідэра за гэтыя камэнтары.
«Сьвет перажывае глыбокія зьмены, нябачаныя за апошняе стагодзьдзе, і міжнародная сытуацыя хаатычная», — заявіў Сі Цзіньпін Пуціну ў Казані, дадаўшы, што ён высока ацэньвае «глыбокае сяброўства» паміж іх краінамі. Сі адзначыў, што сувязі Кітая і Расеі «зрабілі важны ўнёсак у падтрыманьне міжнароднай роўнасьці і справядлівасьці».
Уладзімір Пуцін падчас перамоваў зь Сі Цьзіньпінам сказаў, што Масква мае намер і далей нарошчваць каардынацыю з Пэкінам на ўсіх міжнародных пляцоўках. Ён адзначыў, што расейска-кітайскія адносіны маюць некан’юнктурны характар і сталі ўзорам таго, як трэба будаваць узаемадзеяньне ў сучасным сьвеце, прыводзіць камэнтары Пуціна «Интерфакс».
Яшчэ незадоўга да таго, як Масква пачала вайну супраць Украіны, Кітай і Расея абвясьцілі пра партнэрства «без абмежаваньняў». Эўразьвяз, ЗША і NATO пасьля перасьцерагалі Кітай ад паставак Расеі прадукцыі, якая можа быць выкарыстаная ў вайне супраць Украіны. Кітай сьцьвярджае, што не пастаўляе Расеі зброю. У той жа час Кітай не абмежаваў экспарт тавараў падвойнага прызначэньня, у тым ліку і матораў, якія, як сьцьвярджаецца, выкарыстоўваюцца для вытворчасьці дронаў, як і транзыстараў і электронных кампанэнтаў.
У верасьні агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў Эўрапейскім выведвальным агенцтве пісала, што Расея пачала вытворчасьць новага тыпу ўдарных бесьпілётнікаў з далёкім радыюсам дзеяньня і што пры іх вытворчасьці выкарыстоўваецца матор і іншыя часткі кітайскай вытворчасьці.
Саміт BRICS адкрыўся ў Казані 22 кастрычніка. BRICS — міждзяржаўнае аб’яднаньне, у якое ўваходзяць дзевяць буйных краін сьвету, якія не адносяцца да краін Захаду. Расея сёлета чацьвёрты раз у 20-гадовай гісторыі арганізацыі старшынюе ў BRICS. Расейскія дзяржаўныя СМІ актыўна асьвятляюць мерапрыемства, пракрамлёўскія камэнтатары робяць упор на тым, што візыт у краіну шэрагу лідэраў буйных дзяржаў сьведчыць пра тое, што Расея не знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі ў сувязі з ўварваньнем ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым Лукашэнку вабіць BRICS