Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў аб значным павелічэньні зьнешнегандлёвых патокаў, нягледзячы на санкцыйны ціск з боку заходніх дзяржаў.
«Як вынік, сёлета мы ўшчыльную наблізіліся да мэтавай задачы пяцігодкі — экспарту на 50 мільярдаў даляраў у эквіваленце. Страчаныя на рынках краін Захаду і Ўкраіны аб’ёмы экспарту ня проста кампэнсаваныя за мінулыя тры гады, а і істотна перавышаныя. Цалкам аднавілі фізычныя аб’ёмы паставак асноўных каньюнктурных тавараў», — працытавала Мікалая Снапкова дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага выступу на супольным пасяджэньні дзьвюх палат Нацыянальнага сходу.
У той жа час, паводле яго, ключавая рызыка — гэта абмежаваньне доступу да зьнешняга фінансаваньня ў межах разьвіцьця эканамічнага патэнцыялу Беларусі.
«Але нават у гэтых умовах мы забясьпечваем базавыя крытэры фінансавай стабільнасьці — гэта скарачэньне зьнешняга валавога доўгу, у тым ліку дзяржаўнага зьнешняга доўгу. Таксама аб’ём рэінвэставаньня даходаў замежнымі інвэстарамі адпавядае ўзроўню, які ўсталяваўся за апошнія гады да жорсткіх санкцый», — сказаў віцэ-прэм’ер.
Адпаведных лічбаў Мікалай Снапкоў не назваў. У дзяржаўным бюджэце на 2024 год зацьвердзілі ліміт унутранага доўгу ў памеры 23,1 мільярда рублёў, унутранага доўгу пад гарантыі ўраду ў памеры 8 мільярдаў рублёў і ліміт зьнешняга доўгу ў памеры 19 мільярдаў даляраў ЗША, у тым ліку 2,5 мільярда даляраў пад гарантыі ўраду.
У той жа час Мікалай Снапкоў паведаміў, што сёлета з пачатку году «насельніцтва прадало валюты на 900 мільёнаў даляраў» і сёмы месяц запар застаецца «чыстым прадаўцом валюты».