Эўрапейскі суд прызнаў віну Расеі ў парушэньні канвэнцыі правоў чалавека ў дачыненьні Радыё Свабода

Эўрапейскі суд у правах чалавека, Страсбур. Архіўнае фота

Суд пастанавіў, што расейская дзяржава парушыла канвэнцыю ўвядзеньнем закону аб «іншаземных агентах».

У распараджэньне Радыё Свабода трапіла рашэньне Эўрапейскага суду ў правах чалавека. Суд аднагалосна пастанавіў, што расейскія ўлады парушылі артыкулы 10 і 11 Эўрапейскай канвэнцыі аб правах чалавека, якія тычацца свабоды слова і свабоды аб’яднаньняў.

Суд пастанавіў, што цяперашняе расейскае заканадаўства аб «іншаземных агентах» зьяўляецца стыгматызацыяй, што ўводзіць у зман і выкарыстоўваецца вельмі шырока і непрадказальна, і ў цэлым накіраванае на пакараньне, а не на павышэньне празрыстасьці працы некамэрцыйнай арганізацыі.

У пастанове асобна ўказалі на абавязак пазначаць усе публікацыі, зробленыя так званымі «іншаземнымі агентамі». Гэтыя і іншыя абмежаваньні, як гаворыцца ў рашэньні ЭСПЧ, падрываюць сам фундамэнт дэмакратычнага грамадзтва.

ЭСПЧ пастанавіў, што расейскія ўлады павінны пакрыць Свабодзе і генэральнаму дырэктару Андрэю Шараму выдаткі ў памеры каля 60 тысяч эўра, а таксама кампэнсаваць суму непасрэднай шкоды ў памеры каля 950 тысяч эўра.

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «РСЭ/РС», якое прадстаўляла інтарэсы Радыё Свабода, і Шары зьвярнуліся ў ЭСПЧ з пазовам у траўні 2021 году. У пазове аспрэчваліся шматмільённыя штрафы, накладзеныя на расейскую службу Свабоды і тэлеканал «Настоящее время».

Міністэрства юстыцыі Расеі ўнесла расейскамоўныя праекты РСЭ/РС у сьпіс «замежных агентаў» у 2017 годзе. Мэдыякарпарацыя лічыла такое рашэньне несправядлівым. У студзені–траўні 2021 году, да моманту падачы пазову ў ЭСПЧ, Раскамнагляд склаў і накіраваў у суд 520 пратаколаў аб парушэньні РСЭ/РС правілаў маркаваньня журналісцкіх публікацый, уведзеных згодна з прынятымі ў 2020 годзе папраўкамі да заканадаўства аб «іншаземных агентах». Расейскія суды ўсе пазовы кампаніі адхілялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭСПЧ трэці раз адмовіў Андрэю Гнёту ў абароне ад экстрадыцыі

Гэта першая справа ў практыцы ЭСПЧ у пытаньні аб прымяненьні заканадаўства Расеі аб «іншаземных агентах» да рэдакцый СМІ і іх кіраўнікам. Улічваючы важнасьць пытаньня, суд разглядаў скаргі журналістаў у прыярытэтным парадку.

Пазыцыю Расеі ў аб’яднанай справе супраць СМІ прадстаўляла Генэральная пракуратура, якая азнаёмілася з матэрыяламі справы і восеньню 2021 году сфармулявала свае пярэчаньні па пазове. Аднак пасьля выключэньня ў сакавіку 2022 году з Рады Эўропы Расея цалкам згарнула свой удзел у дзейнасьці Эўрапейскага суду ў правах чалавека і з таго часу не выконвае яго рашэньня. У ЭСПЧ настойваюць, што Расея абавязаная выконваць рашэньні ў справах, пазовы па якіх былі прынятыя судом да сярэдзіны верасьня 2022 году.

Кампэнсацыю прысудзілі ня толькі расейскай службе Свабоды і каналу «Настоящее время». Сярод тых, каму прысудзілі кампэнсацыі: блогер Юрый Дудзь, палітоляг Кацярына Шульман, палітык Любоў Собаль, дзейныя і былыя супрацоўнікі «Проекта», «Важных историй» і «Медиазоны», тэлеканал «Дождь» і выданьне The Insider, Яўгенія Альбац і яе выданьне The New Times, «Международный мемориал» і старшыня яго праўленьня Ян Рачынскі, праваабарончы цэнтар «Мемориал» і старшыня яго рады Аляксандр Чаркасаў і іншыя.

Адзіны заяўнік, чый пазоў ЭСПЧ не прыняў, — прэзыдэнт Растоўскай гарадзкой грамадзкай арганізацыі «Эко-Логика» Фёдар Мікушын. На думку суду, ён пачаў аспрэчваць рашэньні расейскіх сілавых структур занадта позна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эхо Кавказа» спыніць радыёвяшчаньне празь «непажаданы» статус Радыё Свабода ў Расеі