Хроніка перасьледу 22 кастрычніка: затрымалі журналіста Ігара Ільяша, экс-міліцыянта завочна асудзілі на 15 гадоў

Ігар Ільяш, архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Затрымалі Ігара Ільяша

Затрымалі мужа палітзьняволенай Кацярыны Бахвалавай, журналіста Ігара Ільяша, піша «Вясна». Фатаздымак Ігара апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.

Як сьцьвярджаюць праўладныя тэлеграм-каналы, Ігара Ільяша абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкім фармаваньням» — за тое, што даваў інтэрвію незалежным СМІ, а таксама што нібыта «займаўся зборам зьвестак для замежных выведак» — даваў камэнтары ўкраінскім выданьням.

Кацярыну Бахвалаву затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі пратэсту на менскай «плошчы Перамен» разам з калегай Дар’яй Чульцовай. Спачатку Кацярыну асудзілі на 2 гады калёніі за «арганізацыю або падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

У 2022 годзе над Кацярынай прайшоў новы працэс за «выдачу дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» (артыкул «здрада дзяржаве»). Ёй прысудзілі 8 гадоў і 3 месяцы калёніі. Падчас разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе фармулёўку абвінавачаньня замянілі на «шпіянаж». За што менавіта яе судзілі, дагэтуль невядома.

Завочны вырак супраць былога міліцыянта

Былога лідзкага міліцыянта Юрыя Махнача завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Апроч гэтага, яму выпісалі штраф у памеры 500 базавых велічыняў (20 тысяч рублёў), піша «Вясна».

Судзьдзя Юры Казакевіч прызнаў яго вінаватым у «аказаньні дапамогі замежнай дзяржаве, іншаземнай арганізацыі і іх прадстаўнікам у дзейнасьці, якая накіраваная на шкоду нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Юры Махнач — былы падпалкоўнік міліцыі Лідзкага РАУС, камандзір роты ППС. У жніўні 2020 году ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», біцьцё затрыманых. Тады ж, 18 жніўня, ён падаў у адстаўку са службы ў міліцыі. А пазьней празь небясьпеку перасьледу пакінуў Беларусь.

Жыхарцы Менску прысудзілі 2,5 года калёніі за нібыта распальваньне варожасьці

Менскі гарадзкі суд вынес вырак у 2,5 года калёніі агульнага рэжыму 45-гадовай жыхарцы Менску. Яе абвінавацілі па артыкуле аб распальваньні варожасьці (частка 1 артыкула 130 КК), паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Паводле інфармацыі ведамства, абвінавачаная з 30 ліпеня па 23 траўня 2022 году вырабіла і разьмясіціла ў тэлеграм-чатах інфармацыю, якая нібыта садзейнічае «распальваньню нацыянальнай і сацыяльнай варожасьці».

Судзяць мужчыну, якога затрымалі за камэнтары пра тэракт у «Крокусе»

22 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе пачалі разглядаць справу 44-гадовага Рамана Якімёнка. Судзьдзя — Вера Галаўкова, паведамляе «Вясна».

Мужчыну абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 368 (абраза Лукашэнкі),
  • арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці і варажнечы),
  • арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Паводле тэлеграм-канала сілавікоў, яго затрымалі ў сакавіку 2024 году за камэнтары пра тэракт у падмаскоўным «Крокус Сіці Холе». На пакаяльным відэа мужчыну прымусілі сказаць, што яго затрымалі за нэгатыўныя камэнтары, а таксама за адпраўку паведамленьняў у чат-бот Nexta.

Праўладнага блогера з Кармы асудзілі за «экстрэмізм»

Кармянскага блогера Аляксандра Петрачкова асудзілі паводле адміністрацыйнага артыкула за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП), піша «Гомельская Вясна». Справу разглядаў судзьдзя Андрэй Аўсейцаў.

Аляксандар Петрачкоў — вядомы ў рэгіёне праўладны дзяяч, актывіст і блогер. Ён браў актыўны ўдзел у шматлікіх праўладных мерапрыемствах, некалькі разоў рабіўся героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газэце «Зара над Сожам».

Вынік судовага пасяджэньня высьвятляецца.

Кульшу будуць зноў судзіць

Палітзьняволеную Вікторыю Кульшу трэці раз будуць судзіць за непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі, піша «Вясна».

Як вынікае з судовага раскладу на сайце Вярхоўнага суду, судзіць Вікторыю пачнуць 28 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну. Жанчыну трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі калёніі).

Справу будзе разглядаць судзьдзя Станіслаў Іванюценка, які 15 кастрычніка па гэтым жа артыкуле дадаў год калёніі палітзьняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 18 кастрычніка: за ўдзел у пратэстах затрымалі сямейную пару