Амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў заявіў, што расейскі бок дапаможа Менску ў выпадку спробаў дэстабілізацыі ў часе выбараў прэзыдэнта ў 2025 годзе, калі Беларусь зьвернецца па такую дапамогу.
«Няма ніякіх падстаў меркаваць, што беларускім праваахоўнікам і спэцслужбам спатрэбіцца дадатковая дапамога, як кажуць, „на зямлі“. Яны цудоўна выконваюць свае задачы. Але калі спатрэбіцца, Расея ў рамках сваіх абавязаньняў, безумоўна, акажа дапамогу і падтрымку, па якія да нас зьвернецца найбліжэйшы хаўрусьнік і стратэгічны партнэр», — сказаў Барыс Грызлоў у інтэрвію расейскаму агенцтву «РИА Новости».
Паводле яго, цяпер Беларусь і Расея стала абменьваюцца інфармацыяй аб «любых патэнцыйных пагрозах». Барыс Грызлоў дадаў, што правакацыі магчымыя як напярэдадні, так і ў часе галасаваньня, пра што ўжо заяўляў Аляксандар Лукашэнка і сілавыя структуры Беларусі.
«Што тычыцца „беглых“, якія схаваліся ў сваіх гаспадароў у Польшчы, Латвіі і Літве, то лёс іхны надзвычай сумны... Яны ня маюць ніякага ўплыву, прызнаньня і тым больш павагі. У іх расчараваліся іх жа ўласныя прыхільнікі, якія адкрыта прызнаюць, што дзейнасьць апазыцыйных „кабінэтаў“ і іншых фіктыўных структур ня мае ніякіх вынікаў», — адзначыў расейскі амбасадар.
Барыс Грызлоў, як і Аляксандар Лукашэнка, лічыць, што дзейнасьць беларускай апазыцыі за мяжой зводзіцца да «выпрошваньня чарговых падачак» нібыта на падтрымку так званага «дэмакратычнага руху».
«Частка гэтых грошай асядае ў кішэнях „правадыроў апазыцыі“, рэшта марнуецца на іхныя бессэнсоўныя турнэ ў заходнія сталіцы, каб сфатаграфавацца побач з чарговым вядомым палітыкам, падпільнаваўшы яго ў буфэце. Гэта максымум, на што яны могуць разьлічваць», — адзначыў Барыс Грызлоў.
Амбасадар Расеі асобна зьвярнуў увагу на «нездаровы інтарэс» заходніх краін да электаральных падзей у Беларусі і Расеі. Паводле яго, міжнародныя санкцыі толькі садзейнічалі інтэграцыі Беларусі з Расеяй, а сілавыя органы Беларусі пасьля 2020 году «правялі калясальную работу» для папярэджэньня злачынстваў, зьвязаных з спробамі «захопу ўлады».
Амбасадар Расеі паведаміў, што цяпер бакі рыхтуюцца да падпісаньня двухбаковай дамовы аб гарантыях бясьпекі і абноўленай канцэпцыі бясьпекі саюзнай дзяржавы.
Паводле Барыса Грызлова, у дамову ўключаныя палажэньні, зьвязаныя з разьмяшчэньнем расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Зброя зьяўляецца, мяркуе дыплямат, дзейным інструмэнтам ваеннага стрымліваньня магчымых актаў агрэсіі, а таксама папярэджаньня намераў праводзіць правакацыі на заходнім флянгу саюзнай дзяржавы.
«Застаюцца, што называецца, фінальныя штрыхі. Разьлічваем, што падпісаньне адбудзецца на чарговым пасяджэньні Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы да канца бягучага году», — паведаміў Барыс Грызлоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рытуал паводле савецкага ўзору. Якія выбары ўлада рыхтуе беларускаму грамадзтвуУлады Беларусі сфальсыфікавалі вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у 2020 годзе, што прывяло да масавых вулічных пратэстаў. Сілавыя структуры жорстка прыдушылі акцыі пратэстаў, а іх удзельнікаў працягваюць перасьледаваць дагэтуль.
Імаверную пераможцу прэзыдэнцкіх выбараў Сьвятлану Ціханоўскую выдварылі з краіны — машыну, у якой яе вывозілі, суправаджалі да мяжы зь Літвой. Яшчэ аднаго кандыдата, Віктара Бабарыку, пасадзілі ў турму яшчэ да выбараў, як і мужа Сьвятланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага, які толькі заявіў аб сваім намеры ўдзельнічаць у выбарах.
Асуджаных з палітычных матываў трымаюць у турмах у інфармацыйным вакуўме, не дазваляюць ім кантактаваць з сваякамі і нават іншымі зьняволенымі.
Вядома некалькі фактаў, калі сілавікі забівалі ўдзельнікаў пратэсту як у часе акцый, так і падчас знаходжаньня ў турме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызнаньне рэжыму? Пачатак транзыту ўлады? Дылемы 2025 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былая палітзьняволеная расказала пра катаваньні жанчын у беларускіх вязьніцах: на Акрэсьціна, у СІЗА, у калёніі