Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Вэдант Патэль сказаў пра гэта ў панядзелак, падкрэсьліўшы, што расьсьледаваньне ўсё яшчэ працягваецца і ў выпадку пацьверджаньня гэтай інфармацыі ЗША будуць кансультавацца са сваімі саюзьнікамі наконт далейшых дзеяньняў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Адказваючы на пытаньне журналіста пра тое, чаму праверка заяў, зробленых уладамі Ўкраіны і Паўднёвай Карэі, займае столькі часу, Патэль сказаў:
«Ня буду ўдавацца ў дэталі бягучых працэсаў, якія могуць быць накіраваны на праверку ці вызначэньне дакладнасьці пэўнай інфармацыі.
Мы бачылі паведамленьні аб тым, што КНДР адправіла салдатаў для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на баку расейскіх сіл [ва Ўкраіне]. Мы ня можам пацьвердзіць, ці дакладныя гэтыя паведамленьні, але калі гэта праўда, то гэта стане небясьпечным і вельмі трывожным разьвіцьцём падзей у вайне Расеі супраць Украіны. Мы працягнем кансультавацца з саюзьнікамі і партнэрамі наконт наступстваў такога радыкальнага кроку».
Па словах прадстаўніка Дзярждэпартамэнта, калі гэтыя паведамленьні пацьвердзяцца, то гэта прадэманструе «рост роспачы, якую Расея адчувае падчас ваеннай агрэсіі, якая працягваецца».
«Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што Расея нясе вялізныя страты на полі бою кожны дзень праз эфэктыўныя дзеяньні ўкраінскай арміі. І калі Расея сапраўды была змушаная зьвяртацца да КНДР па падмацаваньне, гэта, безумоўна, будзе прыкметай роспачы з боку Крамля», — сказаў Патэль, дадаўшы, што Вашынгтон «пакуль ня ў стане пацвердзіць, ці праўдзівыя гэтыя паведамленьні».
«Злучаныя Штаты імкнуцца дзейнічаць абдумана, і я б хацеў нагадаць пра ўсе іншыя выпадкі, калі мы прапаноўвалі абноўленыя ацэнкі дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне і магчымага збліжэньня Расеі з супернікамі. Калі нам удасца высьветліць некаторыя з гэтых фактаў і мы будзем гатовыя падзяліцца імі, мы зможам гэта зрабіць», — падкрэсьліў Патэль.
Ён дадаў, што, як і ў выпадку з ужо даказаным супрацоўніцтвам Масквы і Тэгерана ў вайне супраць Украіны, «ЗША зрабілі адпаведныя дзеяньні, і мы, безумоўна, ня будзем вагацца, калі справа тычыцца падтрымкі нашых украінскіх партнэраў».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і Нацыянальная выведвальная служба Паўднёвай Карэі раней прадставілі доказы, уключаючы відэа, на якіх было паказана, як паўночнакарэйскія войскі адпраўляюцца ў Расею. Паводле зьвестак Сэула, 12 тысяч паўночнакарэйскіх спэцназаўцаў цяпер праходзяць навучаньне ў трэнавальным лягеры «Сергіеўскі», апранутыя ў расейскую вайсковую форму і маючы расейскія пасьведчаньні асобы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўднёвакарэйская выведка заявіла аб адпраўцы 12 тысяч вайскоўцаў КНДР на вайну ва Ўкраіну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO афіцыйна не пацьвярджае ўдзел паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны