Ужо сёньня: дзень забойства Лукаша Калюгі

Лукаш Калюга

Падзеі ў Беларусі і сьвеце 22 кастрычніка.

Дзень у гісторыі

1721 — Расея аб’яўленая імпэрыяй, Пётар І стаў імпэратарам.

1941 — створаная Беларуская народная самапомач — дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, матэрыяльна дапамагала людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад з сваім, незалежным ад немцаў войскам.

1947 — Індыя і Пакістан пачалі вайну за Кашмір.

1962 — прэзыдэнт ЗША Джон Кенэдзі заявіў, што СССР пабудаваў ракетную базу на Кубе, і ўвёў марскую блякаду востраву.

1975 — у Менску заснавалі піўзавод «Крыніца».

1988 — у Вільні пачаўся ўстаноўчы зьезд Літоўскага руху за перабудову («Саюдзіс»).

Мітынг руху Саюдзіс, 1990

У гэты дзень нарадзіліся

1811Фэрэнц Ліст, вугорскі кампазытар і піяніст.

1844 Сара Бэрнар, француская актрыса.

1870Іван Бунін, расейскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі ў літаратуры. Род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў XV стагодзьдзі трапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі. Там той род атрымаў мянушку Буніных. Сам Іван Бунін, аўтар твораў, што сталі сусьветнай клясыкаю — «Сухадол», «Антонаўкі», «Цёмныя прысады» ды аўтабіяграфічнага раману «Жыцьцё Арсеньнева», — памёр на эміграцыі ў 1953 годзе.

1919 Раіса Жук-Грышкевіч, актыўная дзяячка беларускай эміграцыі ў Канадзе, арганізатарка дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі ў другой палове 1990-х. Жонка старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

Раіса Жук-Грышкевіч

1922 Леў Яшын, савецкі футбаліст.

1933Ігар Дабралюбаў, беларускі рэжысэр і сцэнарыст. Аўтар фільмаў «Па сакрэце ўсяму сьвету», «Расклад на пасьлязаўтра», «Дзівосныя прыгоды Дзяніса Караблёва», «Белыя росы» ды іншых.

У памяці

1668 Міхал Леан Абуховіч, дыплямат, мэмуарыст, аўтар Дыярыюшаў.

1856 Рамуальд Падбярэскі, выдавец, літаратуразнаўца, публіцыст, палітвысланец.

1883 Майн Рыд, ірляндзкі і амэрыканскі пісьменьнік.

1937Лукаш Калюга, беларускі пісьменьнік, расстраляны НКВД. Найбольш вядомыя ягоныя аповесьці — «Ні госьць, ні гаспадар» і «Нядоля Заблоцкіх». Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман «Пустадомкі». Арыштавалі пісьменьніка ў 1933-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.

1937 Фларыян Ждановіч, заснавальнік беларускага прафэсійнага тэатру, расстраляны НКВД.

2010Павал Лойка, беларускі гісторык.

2018Фёдар Клімчук, дыялектоляг, дасьледчык Палесься. Ён працаваў у Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук. Клімчук — аўтар больш чым 200 працаў у галіне дыялекталёгіі, лінгвагеаграфіі, лексыкаграфіі, славістыкі, фальклёру, этнагенэзу, сацыялінгвістыкі, тапаніміі. Выдаў пераклад «Новага Запавету» на заходнепалескую гаворку сваёй вёскі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захоўнік палескага скарбу: Фёдар Клімчук (1935-2018)

2021Юры Станкевіч, пісьменьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр пісьменьнік Юры Станкевіч