За шэсьць дзён да парлямэнцкіх выбараў у Тбілісі праходзіць маштабная акцыя «Грузія выбірае Эўразьвяз». Прыхільнікі эўрапейскага курсу краіны сабраліся ў пяці месцах і рушылі маршам да плошчы Свабоды, дзе пройдзе вялікі праэўрапейскі мітынг.
Акцыю арганізавалі няўрадавыя арганізацыі, яе падтрымалі прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі і галоўныя апазіцыйныя партыі.
Раней Зурабішвілі ня раз казала, што 26 кастрычніка грамадзяне будуць выбіраць паміж Расеяй і Эўропай. Напярэдадні на брыфінгу яна заявіла, што для працягу эўраінтэграцыі на выбарах неабходна падтрымаць чатыры праэўрапейскія партыі, які падпісалі ініцыяваную ёй «Грузінскую хартыю».
Гэты дакумэнт прадугледжвае стварэньне часовага ўраду пасьля парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка, правядзеньне комплексных рэформаў, у тым ліку адмену закона аб «іншаагентах», а таксама правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у свабодных і справядлівых умовах.