Чарговыя спробы аднавіць падачу электрычнасьці на Кубе не далі посьпеху, паведамляе агенцтва Reuters. Краіна застаецца без электрычнасьці трэці дзень запар.
На Кубе ў пятніцу адбылася аварыя на адной з галоўных электрастанцый — ЦЭЦ Антоніё Гут'ерэса ў горадзе Матансас.
Праз аварыю адбыўся збой у нацыянальнай электрасетцы, у выніку якога без электразабесьпячэньня засталася ўся краіна.
10-мільённаму насельніцтву Кубы тады рэкамэндавалі перайсьці ў рэжым жорсткай эканоміі электрычнасьці. Усе работнікі, акрамя экстранных службаў, былі распушчаныя па дамах. Школы і ВНУ зачынены як мінімум да нядзелі. Закрытыя таксама забаўляльныя ўстановы і практычна ўвесь гандаль.
Падачу электрычнасьці пачыналі патроху аднаўляць ужо тры разы, паведамляе Reuters, — апошні раз у суботу ўвечары. Але кожны раз электрычнасьць зноў цалкам зьнікала.
Перабоі з электрычнасьцю — ня рэдкасьць на Кубе. Іх прычына — састарэлае абсталяваньне на электрастанцыях і энэргетычных вузлах, а таксама недахоп паліва. ЗША яшчэ ў эпоху «халоднай вайны» увялі эмбарга на экспарт на Кубу паліва і абсталяваньня, а асноўныя пастаўшчыкі — Вэнэсуэла, Мэксыка і Расея — у апошнія гады скарацілі свае пастаўкі.
Праз гэта Куба вымушаная закупляць паліва па значна больш высокіх цэнах на спотавым рынку, пры тым што эканоміка краіны знаходзіцца на мяжы банкруцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Куба анансавала прыбыцьцё ў Гавану групы расейскіх караблёў і атамнай падводнай лодкі