«За маю барацьбу за правы чалавека ў Славакіі, за парушэньні, якія тут былі і тое, што я адзначыў, за карупцыю мяне арыштавала паліцыя Славаччыне», — заявіў Дзьмітры Лукомскі ў відэазвароце, які ён накіраваў грамадзкасьці, Сьвятлане Ціханоўскай і Аб’яднанаму пераходнаму кабінэту.
Ягоная дзяўчына Віялета Майшук распавяла «Флагштоку» пра абставіны затрыманьня:
«Зайшла паліцыя, сказала, што вы едзеце з намі ў паліцыю, а потым у іншы лягер закрытага тыпу. Пры гэтым ніякіх дакумэнтаў не прад’яўлялі, толькі сказалі, што Дзіма небясьпечны, бо на яго скардзіліся супрацоўнікі лягера. Але гэта няпраўда, гэта помста за тое, што мы актыўныя і ўказываем на памылкі працаўнікоў лягера», — сказала Віялета Маўшук.
Пазьней яна ўдакладніла, што «гутарку» зь Дзьмітрыем Лукомскім у паліцыі скончылі а 3-яй гадзіны ночы. Яго пакінулі ў ізалятары, а раніцай 19 кастрычніка павінны былі этапаваць у турму ў населеным пункце Сечаўцы.
«Яму прад’явілі абвінавачаньні, што ён пагражаў нажом, не даваў праходзіць супрацоўнікам і нават іншым бэнэфіцыярам [асобам, якія пражываюць у лягеры ўцекачоў]», — кажа Віялета Маўшук.
Віялета лічыць, што Дзьмітрыя Лукомскага затрымалі з прычыны ілжывых абвінавачаньняў ад імя аднаго з уцекачоў, якія жывуць у лягеры.
Цяпер інтарэсы Дзьмітрыя прадстаўляе славацкая юрыстка — спэцыялістка зь Лігі па правах чалавека.
Дзьмітры Лукомскі — палітуцякач з Гомля. У 2020 годзе неаднаразова пабываў у ІЧУ за «палітыку», дзе зазнаў зьдзекі і катаваньні. Спачатку ўцёк ва Ўкраіну, празь нейкі час пераехаў у Славакію, дзе разам са сваёй дзяўчынай Віялетай Майшук аказаўся ў закрытым лягеры для ўцекачоў.
У інтэрвію Свабодзе пара расказвала, як дапамалася паляпшэньняў умоваў для ўцекачоў у лягеры — у прыватнасьці, дазволу выходзіць зь лягеру ў краму. Дзьмітры нават абвяшчаў галадоўку. У выніку дырэктарка пайшла на саступкі беларусам. «Харчаваньне палепшылася. Украінцы нам дзякавалі за гэта і называлі нас выратавальнікамі. Бо да гэтага яны скардзіліся на ежу, але іх ніхто ня чуў», — расказваў Дзьмітры Лукомскі. 9 верасьня Дзьмітрыя і Віялету перавялі ў іншы лягер, дзе можна выходзіць за тэрыторыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я нібыта трапіў у беларускі ІЧУ». Беларусы расказалі пра ўмовы ў лягеры для ўцекачоў у Славаччыне