На 1 студзеня 2024 году ў Беларусі пражывала 3 302 700 мужчын ва ўзросьце 18 гадоў і больш — на 10,3 тысячы менш, чым на пачатак 2023 году (3 313 000), вынікае з праведзенага «Позіркам» аналізу зьвестак Белстату, апублікаваных да Дня бацькі (21 кастрычніка).
Паводле апублікаванай статыстыкі, ва ўзроставай групе 18–39 гадоў на 1 000 жанчын у Беларусі цяпер прыпадае 1 006 мужчын, а вось ва ўзросьце 40 гадоў і больш на тысячу жанчын — усяго 729 мужчын.
Зьвесткі Белстату, апублікаваныя да Дня маці (14 кастрычніка), сьведчаць, што ў Беларусі зьмяншаецца і колькасьць жанчын, у тым ліку рэпрадуктыўнага ўзросту. Калі на пачатак 2023 году ў Беларусі, паводле статыстыкі, пражывала 4 059 900 жанчын ва ўзросьце больш за 18 гадоў, дык на пачатак 2024 году — 4 051 900 (на 8 000 менш). Колькасьць жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту (15–49 гадоў) скарацілася з 2 154 800 на пачатку 2022 году да 2 118 900 напрыканцы 2023 году.
На 1 студзеня 2024 году колькасьць насельніцтва Беларусі складала 9 155 978 чалавек, паводле Белстату. На пачатак 2023 году ў Беларусі жылі 9 200 617 чалавек — за год колькасьць жыхароў краіны скарацілася на 44 639 (-0,49%).
На 1 студзеня 2022 году ў Беларусі пражывала 9 255 524 чалавекі, 2021-га — 9 349 645, 2020-га — 9 410 259. Такім чынам са статыстыкі вынікае, што ад пачатку 2020 году колькасьць жыхароў Беларусі скарацілася на 254 281.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьмяншаецца колькасьць жанчын, у тым ліку рэпрадукцыйнага ўзростуПаводле афіцыйнай статыстыкі, з 2019 году колькасьць насельніцтва ў Беларусі скарацілася амаль на 260 тысяч чалавек. Гэтыя афіцыйныя зьвесткі, аднак, ня ўлічваюць тых, хто ўцёк ад палітычных рэпрэсій. Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі МУС паведамляў, што ў 2021-2022 гадах краіну пакінулі больш за 200 000 чалавек, намесьнік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў агучваў лічбу 350 000. Сацыёляг Генадзь Коршунаў ацэньваў маштаб палітычнай эміграцыі ў 500-600 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў 2020 году Беларусь пакінула каля 6-7% насельніцтва краіны, — сацыёляг Коршунаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За пяць гадоў колькасьць моладзі ў Беларусі зьменшылася на 13%