19 кастрычніка, выступаючы ў Валожыне на фэстывал «Дажынкі-2024», Аляксандар Лукашэнка заявіў, што напярэдадні правёў перамовы «з прадстаўнікамі краінаў Захаду». З кім менавіта і пра што размаўляў Лукашэнка, ён не ўдакладніў.
Падчас выступу Лукашэнка заявіў, што 18 кастрычніка ў яго быў «непублічны дзень, але вельмі цяжкі».
«Вельмі складаныя, цяжкія, але вельмі цікавыя перамовы з прадстаўнікамі заходніх дзяржаў, — сьцьвярджае Лукашэнка. — І я, размаўляючы зь імі, зразумеў, наколькі ўважліва яны назіраюць за намі, наколькі прыдзірліва яны шукаюць, вывучаюць нашы памылкі і нашы посьпехі. І калі няма сродкаў масавай інфармацыі, яны гавораць сумленна і адкрыта».
Як заявіў Лукашэнка, на гэтых перамовах «найбагацейшыя краіны былі прадстаўленыя». З прадстаўнікамі якіх краін і пра што менавіта ён размаўляў, Лукашэнка не удакладніў.
Таксама падчас свайго выступу Лукашэнка заявіў, што ягоны ўдзел у «Дажынках» не зьвязаны зь перадвыбарчай кампаніяй, але калі і лічыць гэта перадвыбарчай кампаніяй — «ён мае на гэта права».
Напярэдадні тэлеканал «Белсат» са спасылкай на свае крыніцы паведамляў, што 15 кастрычніка амбасада ЗША ў Менску зладзіла прыём для замежных установаў з нагоды візыту ў Беларусь прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Кевіна Дойла, які курыруе эканамічныя сувязі ЗША зь Беларусьсю і Малдовай. Сьцьвярджалася, што Дойл разам з часовым павераным ЗША Пітэрам Каўфманам правёў сустрэчу з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, на якой, сярод іншага абмяркоўвалі, лёс палітвязьняў. Перамовы «ня ўнесьлі яснасьці ў сытуацыю», адзначыла мэдыя. Афіцыйных паведамленьняў пра гэтую сустрэчу не было.
Пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і жорсткага падаўленьня масавых пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі, прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў 2021 годзе і падтрымкі рэжымам Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе большасьць дэмакратычных краінаў Захаду спынілі кантакты з рэжымам Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Вячорка: Лукашэнка штодня атрымлівае сыгналы ад Захаду