Расейскае войска ў ноч на 19 кастрычніка нанесла ўдары па ўкраінскай тэрыторыі, у тым ліку па аб’ектах энэргетычнай інфраструктуры. У Кіеве параненая жанчына, у Сумскай вобласьці — восем пацярпелых. Тым часам Мінабароны Расеі паведаміла пра 17 зьбітых дронаў над Бранскам.
Расейскія вайскоўцы атакавалі Кіеў дронамі, паветраная трывога ва ўкраінскай сталіцы працягвалася 3,5 гадзіны. Кіраўнік Кіеўскай гарадзкой ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко паведаміў, што ў Дняпроўскім раёне ў выніку атакі пашкоджаны фасад дома, пацярпела жанчына.
«Невялікі абломак БПЛА трапіў у памяшканьне жанчыны праз вакно балькона», — напісаў мэр Кіева Віталь Клічко. Паводле яго, што пацярпелая жыла ў Дарніцкім раёне.
У Дарніцкім раёне Кіева таксама пашкоджаныя фасады некалькіх дамоў, бальконы і выбітыя вокны. Колькі дронаў атакавалі Кіеў, не паведамляецца.
Акрамя гэтага, расейскія вайскоўцы авіябомбамі і дронамі атакавалі Сумскую вобласьць Украіны, у выніку раненьні атрымалі сама меней восем чалавек, паведамляе абласная вайсковая адміністрацыя. Пракуратура Сумскай вобласьці паведамляе, што расейскія вайскоўцы скінулі тры кіраваныя авіяцыйныя бомбы на цэнтральную частку горада Шостка.
«Пашкоджаныя навучальныя і мэдыцынскія ўстановы, памяшканьні шэрагу ўстановаў, жылыя дамы і транспартныя сродкі», — гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Дзяржаўная служба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях удакладніла, што ў горадзе Шостка пад атаку трапіла адно зь яе падразьдзяленьняў, сярод параненых пяць чалавек — ратавальнікі ДСНС.
Акрамя гэтага, Расея ўначы ўдарыла ракетай па Адэсе. Па словах кіраўніка абласной ваеннай адміністрацыі Алега Кіпера, ракета патрапіла ў прыватны сэктар, загарэўся трохпавярховы дом і дзьве машыны, пажар хутка патушылі. Таксама з прычыны атакі пашкоджаньні атрымалі больш за 10 прыватных дамоў, пацярпелых няма.
Пра напад на «аб’ект крытычнай інфраструктуры» у ноч на 19 кастрычніка паведаміў у сваім тэлеграм-канале кіраўнік Чарнігаўскай вобласьці Вячаслаў Чавус. «З прычыны трапляньня ўзьнік пажар, які празь некалькі гадзін лякалізавалі. Пагрозы электразабесьпячэньню пакуль няма», — напісаў ён.
Агулам з 21-ай гадзіны вечара 18 кастрычніка і ў ноч на 19 кастрычніка расейскія войскі выпусьцілі па тэрыторыі Ўкраіны больш за сто ракет і дронаў, паведамілі Паветраныя сілы УСУ. Паводле зьвестак вайскоўцаў, ім удалося зьбіць 42 з 98 бесьпілётнікаў і чатыры ракеты з шасьці. Яшчэ 42 дронаў былі страчаныя.
Тым часам у Расеі губэрнатар Бранскай вобласьці Аляксандар Багамаз паведаміў, што ў ноч на 19 кастрычніка рэгіён атакавалі дроны. Спачатку ён напісаў пра 13 зьбітых дронаў, пазьней дадаў, што зьнішчаныя яшчэ чатыры дроны.
Паводле яго, з прычыны дэтанацыі выбуховага прыстасаваньня аднаго са зьбітых бесьпілётнікаў загарэлася гарышча нежылога будынка, пажар патушылі, ніхто не пацярпеў. Яшчэ адзін дрон, паведаміў Багамаз, урэзаўся ў нежылы будынак.Адначасова з гэтым, украінскія і расейскія тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што дроны атакавалі завод «Крэмні Эл» у Бранску, адзін з найбуйнейшых расейскіх вытворцаў мікраэлектронікі. Большасьць прадукцыі завод робіць па замове Мінабароны Расеі, у тым ліку дэталі для ыстэм СПА «Панцыр» і ракетных комплексаў «Іскандэр». Раней прадпрыемства ўжо тройчы трапляла пад атаку бесьпілётнікаў.
Яшчэ адзін бесьпілётнік 19 кастрычніка зьбілі ў Санкт-Пецярбургу, паведамілі «Фонтанке» ў экстраных службах. Раней стала вядома, што каля 300 дамоў у Прыморскім раёне Санкт-Пецярбурга засталіся без электрычнасьці з прычыны аварыі на падстанцыі. Жыхары раёна казалі, што чулі тры выбухі, пасьля чаго сьвятло ў дамах цалкам зьнікла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Украіна спрабуе справіцца зь недахопам жывой сілы на фронце і расколам у грамадзтве