18 кастрычніка памёр вядомы беларускі мовазнаўца, доктар філялягічных навук, прафэсар Генадзь Цыхун. Яму было 87 гадоў. Пра сьмерць мовазнаўцы паведаміла ягоная дачка Алеся Літвіноўская.
Генадзь Цыхун нарадзіўся 30 кастрычніка 1936 году ў вёсцы Кунцаўшчына Горадзенскага раёну. Сын пісьменьніка і краязнаўцы Апанаса Цыхуна.
У 1958 годзе скончыў Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Філёляг. Выкладнік баўгарскай мовы і літаратуры» і стаў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Вучыўся ў аспірантуры на катэдры славянскай філялёгіі Ленінградзкага ўнівэрсытэта, стажыраваўся ў Сафійскім унівэрсытэце.
З 1966 году пачаў па сумяшчальніцтве выкладаць у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце дыялекталёгію, арэальную лінгвістыку, балканістыку, баўгарскую і македонскую мовы. З 1968 году — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа. У 1982 годзе ў Менску абараніў доктарскую дысэртацыю «Тыпалягічная праблема балкана-славянскага моўнага арэалу».
У 1991–1993 гадах быў старшынём Камісіі па ўдасканаленьні правапісу Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у якую ўваходзілі мовазнаўцы Вінцук Вячорка і Зьміцер Санько. У 1993–1994 гадах працаваў у складзе Дзяржаўнай камісіі па ўдакладненьні правапісу беларускай мовы. З 1995 году — старшыня Тэрміналягічнай камісіі пры Міністэрстве адукацыі Беларусі.
З 1992 году быў старшынём Таварыства «Беларусь—Баўгарыя» і намесьнікам старшыні Беларускага камітэту славістаў.
У кола навуковых інтарэсаў Генадзя Цыхуна ўваходзілі этымалёгія, балканістыка, арэальная лінгвістыка, гісторыя славістыкі. Славістычныя інтарэсы спалучаў з дасьледаваньнямі ў галіне беларускай мовы. Ён суаўтар «Этымалягічнага слоўніка беларускай мовы».
Генадзь Цыхун зрабіў больш за 300 публікацыяў па тыпалёгіі славянскіх моваў і іх сувязях, гаворках Палесься і праблеме праславянскай мовы, па беларускай этымалёгіі і дыялектнай мове, гісторыі і бібліяграфіі беларускай мовазнаўчай славістыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафэсар Генадзь Цыхун: беларуская мова існуе шмат стагодзьдзяў