Праз аварыю адбыўся збой у нацыянальнай электрасетцы, у выніку якога без электразабесьпячэньня засталася ўся краіна. Пра гэта паведаміла кубінскае міністэрства энэргетыкі.
Прэзыдэнт Кубы напісаў у сацсетцы Х, што вядуцца работы па аднаўленьні электразабесьпячэньня, але калі яны скончацца, пакуль невядома.
10-мільённаму насельніцтву выспы рэкамэндавана перайсьці ў рэжым жорсткай эканоміі электрычнасьці. Усе работнікі, акрамя экстранных службаў, распушчаныя па дамах. Школы і ВНУ зачынены як мінімум да нядзелі. Закрытыя таксама забаўляльныя ўстановы і практычна ўвесь гандаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Беларусі наведаў Гавану і назваў Кубу «стратэгічным хаўрусьнікам у Заходнім паўшар’і»Перабоі з электрычнасьцю — ня рэдкасьць на Кубе. Іх прычына — састарэлае абсталяваньне на электрастанцыях і энэргетычных вузлах, а таксама недахоп паліва. ЗША яшчэ ў эпоху «халоднай вайны» увялі эмбарга на экспарт на Кубу паліва і абсталяваньня, а асноўныя пастаўшчыкі — Вэнэсуэла, Мэксыка і Расея — у апошнія гады скарацілі свае пастаўкі.
Праз гэта Куба вымушаная закупляць паліва па значна больш высокіх цэнах на спотавым рынку, пры тым што эканоміка краіны знаходзіцца на мяжы банкруцтва.