Дырэктар Сусьветнай харчовай праграмы ААН на Палестынскіх тэрыторыях Антуан Рэнар у інтэрвію The Financial Times 17 кастрычніка папярэдзіў, што запасаў ежы ў сэктары Газа хопіць на паўтара тыдня.
Паводле яго, сытуацыя з пастаўкамі прадуктаў харчаваньня ў сэктар Газа пагоршылася з прычыны нядаўніх баявых дзеяньняў і двухтыднёвага абмежаваньня доступу да гуманітарнай дапамогі.
Антуан Рэнар удакладніў, што каля 400 тысяч жыхароў Газы сутыкаюцца з вострым недахопам харчаваньня. Мясцовыя жыхары заявілі газэце, што сытуацыя з харчаваньнем цяпер найгоршая за апошні год.
Ізраіль адмаўляе абмежаваньне паставак харчаваньня і паведамляе пра дастаўку 50 грузавікоў з прадуктамі і лекамі.
Міністар абароны ЗША Лойд Остын і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у лісьце ізраільскім уладам заклікалі дазволіць уезд 350 грузавікоў з гуманітарнай дапамогай штодня і павялічыць колькасьць прапускных пунктаў. У лісьце таксама падкрэсьлівалася, што невыкананьне гэтых умоваў на працягу 30 дзён можа паставіць пад пагрозу вайсковую дапамогу ЗША Ізраілю. Гэты заклік неўзабаве падтрымалі гуманітарныя арганізацыі.
- Уварваньне групоўкі ХАМАС (прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і ЭЗ), якая кантралюе сэктар Газа, у Ізраіль пачалося 7 кастрычніка 2023 году. Ахвярамі нападу ХАМАС на Ізраіль сталі каля 1200 чалавек, больш за 240 чалавек трапілі ў закладнікі, частку зь іх вызвалілі, некалькі дзясяткаў загінулі. Па словах Нэтаньяху, ХАМАС утрымлівае каля ста закладнікаў, але невядома, колькі зь іх цяпер жывыя.
- Ізраіль у адказ пачаў маштабную кампанію ў Газе. Паводле зьвестак мясцовага Міністэрства аховы здароўя, падкантрольнага ХАМАС, пасьля пачатку канфлікту ў сэктары Газа загінулі больш за 41 тысячу чалавек. У вайне таксама загінулі некалькі сотняў ізраільскіх вайскоўцаў, а таксама мірныя жыхары.