17 кастрычніка кіраўнік МЗС Ізраілю Ісраэль Кац заявіў, што ў сэктары Газа забіты Ях’я Сінвар — лідэр групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе. Паведамленьне пра сьмерць Сінвара пацьвердзіла Армія абароны Ізраіля (ЦАХАЛ).
Кац у сваім звароце адзначыў, што сьмерць лідэра ХАМАС можа даць магчымасьць для вызваленьня ізраільскіх закладнікаў з сэктару Газа і зьменаў у жыцьці палестынцаў. Дыплямат падкрэсьліў неабходнасьць міжнароднай падтрымкі для дасягненьня гэтых мэтаў.
Раней у ЦАХАЛ паведамілі, што ў сэктары Газа ізраільскімі сіламі былі забітыя тры прадстаўнікі ХАМАС, адным зь якіх, магчыма, быў лідэр ХАМАС Ях'я Сінвар.
Sky News Arabia са спасылкай на крыніцы ўдакладняе, што Сінвара забілі ў горадзе Рафах, на мяжы з Эгіптам. Паводле зьвестак ізраільскага 12-га тэлеканала, вайскоўцы ЦАХАЛ ня ведалі, што лідэр ХАМАС быў у будынку, па якім яны запыталі ўдар. Пасьля атакі пры аглядзе памяшканьня вайскоўцы знайшлі цела чалавека, падобнага на Сінвара.
Суразмоўцы радыё Kan удакладняюць, што ідэнтыфікаваць Сінвара было лёгка, бо ён знаходзіўся ў ізраільскай турме і ва ўладаў ёсьць яго ДНК.
У ХАМАС заявілі, што навіна аб сьмерці Сінвара не адпавядае рэчаіснасьці.
Ях’я Сінвар нарадзіўся ў 1962 годзе ў лягеры для ўцекачоў у горадзе Хан-Юніс на поўдні сэктара Газа. Больш за 20 гадоў ён правёў у ізраільскіх турмах і вызваліўся ў 2011 годзе. Паводле зьвестак Reuters, Сінвар хаваўся ў сэктары Газа. Пасаду лідэра ХАМАС ён заняў на пачатку жніўня 2024 году, пасьля таго як быў забіты Ісмаіл Ханія ў выніку ўдару па ягонай рэзыдэнцыі ў Тэгеране.
Ях’я Сінвар, меркаваны архітэктар крывавага нападу на Ізраіль 7 кастрычніка, быў нечакана прызначаны новым лідэрам тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС 6 жніўня 2024 году пасьля забойства ягонага папярэдніка Ісмаіла Ханіі ў Тэгеране 31 ліпеня, у чым Іран і ХАМАС вінавацяць Ізраіль.
Сінвар далучыўся да ХАМАСу неўзабаве пасьля яго ўтварэньня ў 1987 годзе. Ён заснаваў службу ўнутранай бясьпекі Аль-Маджд, галоўнай мэтай якой было шукаць у шэрагах арганізацыі ізраільскіх шпіёнаў. Ён займеў рэпутацыю прыхільніка гвалту і атрымаў мянушку «Мясьнік Хан-Юнісу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «бязьлітасным» Сінвару, які ўзначаліў ХАМАС, Іран бачыць свайго чалавека — аналітыкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША выставілі абвінавачаньні ў тэрарызьме лідэрам ХАМАС