Амбасаду Вялікай Брытаніі ў Беларусі ўзначаліў часовы павераны Дэйвід Уорд (David Ward), вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на сайце брытанскага ўраду.
Як адзначае «Позірк», у Менск дыплямат прыбыў у верасьні, аднак пра яго прызначэньне на пасаду публічна абвясьцілі толькі 16 кастрычніка — у акаўнтах дыпляматычнай місіі ў сацсетках.
Да прыбыцця ў Беларусь Уорд быў кіраўніком аддзелу гуманітарнай палітыкі і ўзаемадзеяньня, мэтавай групы брытанскага зьнешнепалітычнага ведамства ў Ізраілі/сэктары Газа.
На дыпламатычнай службе ён з 1992 году, працаваў у Японіі, Нэпале, Кітаі, Лібіі, Грэцыі, Афганістане, Эрытрэі, на Саламонавых Выспах і ў Самоа.
Пра завяршэньне місіі ў Беларусі амбасадаркі Вялікай Брытаніі Жаклін Пэркінс стала вядома сёлета ў жніўні. Яна была амбасадаркай ад 2019 году.
Большасьць эўрапейскіх краінаў не прадстаўленыя ў Беларусі амбасадарамі, бо пасьля 2020 году адмаўляюцца ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку.