Армянскае выданьне Hetq.am атрымала новыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць вайсковае супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Азэрбайджанам.
Паводле выданьня, гэтыя дакумэнты ўтрымліваюць інфармацыю пра пастаўкі зь Беларусі ў Азэрбайджан вайсковай прадукцыі і паслуг з 2017 па 2023 гады і паказваюць актыўнае ўзаемадзеяньне краін у галіне ўзбраеньняў.
Так, 26 жніўня 2020 году, за месяц да 44-дзённай вайны ў Нагорным Карабаху, галоўны інжынэр беларускага ААТ «Волатаўта» Дзьмітрый Баразноў накіраваў дырэктару «Заводу дакладнай электрамэханікі» Юрыю Чорнаму ліст (выданьне публікуе ўсе апісаныя ў артыкуле дакумэнты), у якім паведаміў пра гатоўнасьць спэцыялістаў «Волатаўта», МЗКЦ і Britex адправіцца ў рэгіён 1221 (то бок у Азэрбайджан) для выкананьня рэклямацыйных работ.
Журналісты робяць выснову, што беларускія спэцыялісты ў Азэрбайджане прыводзілі ў парадак «Палянэзы» непасрэдна перад пачаткам, а магчыма, і ў працэсе 44-дзённай вайны ў Нагорным Карабаху. Яны адзначаюць, што МЗКЦ вырабляе шасі «МЗКЦ-7930» для РСЗА «Палянэз», якая зьяўляецца беларускім аналягам расейскага «Сьмерчу» і прынятая на ўзбраеньне арміяй Азэрбайджану ў 2018 годзе, а «Волатаўта» — удзельнік вытворчасьці сыстэмы «Палянэз». Паводле сьцьвярджэньня былога прэзыдэнта Нагорнага Карабаху Араіка Аруцюньяна, беларускія «Палянэзы» выкарыстоўвалі падчас 44-дзённай вайны для абстрэлаў Стэпанакерту.
Выданьне адзначае, што праект «Беларускі Гаюн» сёлета ў чэрвені ўжо публікаваў некалькі сакрэтных дакумэнтаў пра рамонт «Палянэзаў» у Азэрбайджане ў 2020 годзе. У іх Мінабароны Азэрбайджану паведаміла беларускаму боку пра выяўленьне дэфэктаў у сыстэмах «Палянэз». Каб пазьбегнуць магчымых непаладак, былі прадугледжаныя прафіляктычныя работы таксама на 6 шасі «МЗКЦ-7930», для чаго і арганізавалі прыезд спэцыялістаў беларускіх кампаній у Азэрбайджан у жніўні 2020-га. Пры гэтым у дакумэнтах гаворыцца пра сыстэму «Палянэз-МА»: як мяркуюць, гэта мадэрнізаваная вэрсія «Палянэз-М», прызначаная менавіта для Азэрбайджану.
Таксама ў распараджэньні выданьня апынуліся лісты, якія пацьвярджаюць, што беларускіх спэцыялістаў пэрыядычна камандзіруюць у Азэрбайджан. Лісты, адрасаваныя вайскова-прамысловым прадпрыемствам Беларусі ў 2021 годзе, таксама былі прысьвечаныя РСЗА «Палянэз».
Так, у траўні 2021 году выканаўца абавязкаў гендырэктара беларускага прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка» (якое, сярод іншага, займаецца гандлем беларускай зброяй) Ігар Веляцей зьвярнуўся да дырэктара ААТ «Волатаўта» Юрыя Чорнага зь лістом, у якім паведаміў, што «замежны заказчык» (выданьне сьцьвярджае, што ён мае на ўвазе Азэрбайджан) «выказвае незадавальненьне працяглымі тэрмінамі рамонту пульта дыстанцыйнага кіраваньня адной з транспартна-зарадных машын „У-300ТЗМ“ сыстэмы „Палянэз“».
Зь перапіскі, якая вялася ў жніўні 2021 году, становіцца вядома, што для пэрыядычнага тэхабслугоўваньня 12-ці шасі «МЗКЦ-7930» і рухавікоў «ТО-2» у Азэрбайджан павінны былі камандзіраваць 10 спэцыялістаў прадпрыемства МЗКЦ, у тым ліку рэзэрвовы склад.
Беларускія спэцыялісты адправіліся ў Азэрбайджан ня толькі для рамонту «Палянэзаў», як паказваюць дакумэнты. З загаду гендырэктара «Белспэцзьнештэхнікі» ад 7 верасьня 2021 году вынікае, што ў Баку на 23 дні (верасень — кастрычнік) павінны былі камандзіраваць вядучага спэцыяліста па ўзбраеньні і тэхніцы войскаў СПА і спэцтэхніцы гэтай кампаніі.
У ранейшым артыкуле выданьне таксама пісала пра пастаўкі зь Беларусі ў Азэрбайджан супрацьдронных мабільных станцыяў «Навальніца-С», якія знаходзяцца на ўзбраеньні азэрбайджанскага войска з 2018 году. Праектуе і вырабляе іх беларускае ААТ «КБ Радар».
1 красавіка 2024 году дырэктар «КБ Радар» Ігар Садоўскі адправіў гендырэктару прадпрыемства «Белспэцзьнештэхніка» Ігару Велянцею ліст, у якім закрануў супрацоўніцтва з Азэрбайджанам. Зь ліста вынікае, што ў 2016–2017 гадах у Азэрбайджан накіравалі сыстэмы «Оптыма-3.2», прызначаныя для падаўленьня сыгналаў навігацыйных спадарожнікавых сыстэм, такіх як GPS, ГЛОНАСС і іншыя. Азэрбайджан можа прымяняць беларускія сыстэмы супраць цывільных і вайсковых інфраструктур, якія выкарыстоўваюць сыгналы GPS і аналягічных сыстэм, тлумачыць выданьне.
Адну сыстэму «Оптыма-3.2» кампанія «КБ Радар» ацаніла ў 750 тыс. даляраў, вынікае з дакумэнтаў (у кошт уваходзіла таксама 10-дзённае тэхнічнае навучаньне ў Беларусі дзесяці чалавек і 5-дзённае навучаньне эксплюатацыі на тэрыторыі Азэрбайджану, гадавое гарантыйнае абслугоўваньне і запчасткі). У лісьце тэрмінам пастаўкі першай сыстэмы «Оптыма-3.2» указаныя 11 месяцаў з моманту перадачы «КБ Радар» авансавага плацяжу ў памеры 50% ад кошту. Гэтая тэхнічна-камэрцыйная прапанова беларускага прадпрыемства заставалася ў сіле да 1 ліпеня 2024 году. Рэакцыя азэрбайджанцаў на прапанаваныя ўмовы невядомая.
«Прадстаўленыя ў дакумэнтах дамоўленасьці і зьвесткі пра іх выкананьне паказваюць, зь якой інтэнсіўнасьцю Беларусь, якая лічыцца партнэрам Армэніі па АДКБ, прадае вайсковую прадукцыю і аказвае паслугі Азэрбайджану, галоўным аб’ектам агрэсіі якога была і застаецца Рэспубліка Армэнія, а ў мінулым таксама Арцах [армянская назва Нагорнага Карабаху]», — гаворыцца ў публікацыі.
Армянскае выданьне Hetq працуе ў Ерэване ад 2001 году. Яно было створана няўрадавай арганізацыяй «Асацыяцыя журналістаў-расьсьледнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра супрацу з Азэрбайджанам: «Мы не парушаем нормаў міжнароднага права і не сябруем супраць іншых краінаў»