У Падмаскоўі раніцай 16 кастрычніка застрэлілі 44-гадовага намесьніка начальніка адной з воінскіх частак Нікіту Клянкова. Пра гэта паведамляюць расейскае агенцтва ТАСС, РБК і тэлеграм-каналы.
Невядомы стрэліў у ягоную машыну на дарозе ў Сонечнагорскай гарадзкой акрузе. Нікіта Клянкоў загінуў на месцы, ягоная машына была ў момант забойства заведзеная і рухалася далей, пакуль ня ўперлася ў плот.
Нікіта Клянкоў, паводле зьвестак тэлеграм-канала «ВЧК-ОГПУ», служыў у адным з падразьдзяленьняў спэцназу. Ён вярнуўся з фронту тыдзень таму.
Cьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу па артыкулах аб забойстве і незаконным абароце зброі.
Тэлеграм-канал Mash піша, што стралок чакаў Клянкова. Як толькі ўбачыў машыну — адкрыў агонь зь пісталета. Агулам ён выпусьціў у машыну палкоўніка восем куляў. Абедзьве машыны падчас страляніны працягвалі рух.
Выданьне «Важные истории» сьцьвярджае, што Клянкоў служыў у спэцназе Галоўнага ўпраўленьня выведкі (ГРУ) Генштабу Ўзброеных сіл Расеі і займаў высокую пасаду. З выцекаў вынікае, што забіты служыў у в/ч 43292 — гэта Цэнтар падрыхтоўкі сілаў спэцапэрацыяў.
Згодна з геалякацыйнымі зьвесткамі выцекаў, Клянкоў замаўляў дастаўку ежы ў штаб-кватэру ГРУ, а таксама наведваў паліклініку каля будынку ГРУ. Месца, дзе яго забілі, — прыкладна за 20 хвілінаў язды ад Цэнтру падрыхтоўкі сілаў спэцапэрацыяў.