У Берасьці адкрылі помнік ахвярам Галакосту. ФОТА

Цырымонія адкрыцьця помніку ахвярам Галакосту ў Берасьці, Беларусь, 15 кастрычніка 2024 году. ФОТА БелТА

Скульптурную кампазіцыю стварылі ў памяць аб амаль 30 тысячах габрэяў Берасьця, якія сталі ахвярамі нацызму ў гады Другой сусьветнай вайны, піша «Вечерний Брест».

Помнік, адзначае выданьне, выкананы ў форме мэноры — сямісьвечкавай сьвяцільні і аднаго з самых старажытных сымбаляў юдаізму (скульптар — Канстанцін Касцючэнка).

Новы помнік паставілі на скрыжаваньні вуліц Дзяржынскага і Куйбышава, на пляцоўцы, якая зьяўляецца часткай былой тэрыторыі Берасьцейскага гета.

У цырымоніі адкрыцьця помніка ахвярам Галакосту прынялі ўдзел старшыня Берасьцейскага гарадзкога выканаўчага камітэту Сяргей Лабадзінскі, часовы павераны ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусі Цві Міркін і іншыя. Прысутнічалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, габрэйскай грамады і жыхары гораду.

Ідэя стварэння помніка належыць уласьніку групы кампаній «Санта» Аляксандру Машэнскаму, які ўзяў на сябе і асноўнае фінансаваньне праекту, піша «Вечерний Брест». Ініцыятыву Машэнскага падтрымалі іншыя бізнэсоўцы Берасьця.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўзросьце 102 гадоў памерла апошняя ўдзельніца падпольля ў Віленскім гета