«Беларуская Жанна д’Арк» Паліна Шарэнда-Панасюк, якая на першым паседжаньні ў сваёй справе назвала суд «сталінскай тройкай» і адмовілася перад ім уставаць, за кратамі ўжо амаль чатыры гады. Пасьля пачатковага двухгадовага прысуду яе судзілі яшчэ тройчы — ужо ў калёніі, кожны раз дадаючы па годзе. Апошні вырак прызначылі 15 кастрычніка. Паліна Шарэнда-Панасюк прайшла праз катаваньні, ШЫЗА, псыхіятрычныя экспэртызы і прапагандысцкія зьдзекі. Чаму беларускія ўлады так баяцца 49-гадовай маці дваіх дзяцей?
Хто такая Паліна Шарэнда-Панасюк, расказваюць яе муж і знаёмыя.
«Захопленая ў палон 3 студзеня»
«Я буду сьведчыць толькі ў Міжнародным трыбунале па злачынствах Лукашэнкі», — гэта словы актывісткі «Эўрапейскай Беларусі» Паліны Шарэнды-Панасюк у берасьцейскім судзе 7 чэрвеня 2021 году. Яе абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: «Гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка сілавых органаў» (арт. 364), «Абраза прэзыдэнта» (арт. 368) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369). Пацярпелымі, паводле матэрыялаў справы, былі сямёра міліцыянтаў.
«Зь якога дня пад вартай?» — спытаў судзьдзя на пачатку працэсу ў Шарэнды. «Захопленая ў палон 3 студзеня», — адказала яна.
У той дзень, 3 студзеня 2021 году, у дом Шарэндаў уварваліся міліцыянты, каб правесьці вобшук. Мужа Паліны затрымалі некалькімі днямі раней, ён знаходзіўся ў СІЗА. Жанчына адмовілася адчыніць — дзьверы выбілі, яе затрымалі. Нагодай стала відэа ў Telegram, дзе Паліна, ужываючы нецэнзурную лексыку, называла міліцыянтаў, што затрымлівалі мужа, фашыстамі і карнікамі.
Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суд: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
Тады Паліну асудзілі на два гады пазбаўленьня волі. Неўзабаве яе адправілі на псыхіятрычную экспэртызу, якая паказала, што абвінавачаная ня мае ніякіх адхіленьняў і не патрабуе лячэньня.
Пасьля яна будзе праходзіць падобныя экспэртызы яшчэ тройчы. Безьліч разоў жанчына трапляла ў ШЫЗА, карцары і ПКТ. Паводле зьвестак на красавік 2023 году, Паліна правяла ў гэтых камэрах больш за 180 дзён. Нейкі час яна была пазбаўленая харчовых перадачаў. Патрэбныя ёй лекі, па словах мужа, не прапускаюць дагэтуль.
Двойчы — у 2022 і ў 2023 гадах — Паліне дадавалі яшчэ па 1 годзе зьняволеньня за нібыта непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі. Паводле праваабаронцаў, яна стала першай беларускай жанчынай, супраць якой прымянілі гэты артыкул.
Сёлета, калі тэрмін зьняволеньня павінен быў скончыцца, Паліну Шарэнду-Панасюк паказалі ў прапагандысцкім фільме на Беларускай тэлевізіі. Але на волю яна ня выйшла.
14 кастрычніка ў Рэчыцы пачаўся чацьвёрты суд над Палінай: судзьдзя Станіслаў Іванюценка, які ўжо раней павялічваў ёй тэрмін пакараньня на 1 год, прысудзіў Паліне яшчэ год турмы.
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
Нягледзячы на невыносныя ўмовы і ціск, Паліна змагалася за свае правы і за кратамі. Калі была магчымасьць, перадавала пра парушэньні сваіх правоў праз адваката. Летам 2023 году трымала галадоўку, якую спыніла праз тыдзень, бо, як паведамлялася, «яе патрабаваньні аб больш чалавечых умовах бытавога ўтрыманьня былі выкананыя».
Муж Паліны Андрэй кажа, што жонка не цярпіць хлусьні, ня можа мірыцца зь несправядлівасьцю і няпраўдай, праз гэта і пакутуе ў турме.
«Бунтарства ў яе ў крыві, — расказвае Свабодзе Андрэй Шарэнда. — Вось хтосьці кажа, што ў Паліны запальчывы характар. А мне падаецца, што гэта рыса беларускай жанчыны — у большасьці сапраўдных беларусак закладзены дух свабоды, дух волі. Можа, гэта праз шматлікія войны, якія пракаціліся празь Беларусь, Вялікае Княства Літоўскае, калі вынішчаліся мужчыны, а жанчыны падхоплівалі іх змаганьне. Гэта мы бачым на прыкладзе Эміліі Плятэр, Ларысы Геніюш, якія для Паліны — сымбалі, жыцьцёвыя арыентыры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я перад бандытамі не ўстаю». Як у Берасьці судзяць актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк«Дзеці ня тое што страцілі надзею, але ня вераць нікому»
Андрэй Шарэнда з двума сынамі цяпер жыве ў Літве. Сам ён у 2020 годзе правёў больш за 70 дзён пад арыштам за ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. У 2021 годзе 31 траўня яго затрымалі за інтэрвію, у якім нібыта былі «заклікі да дзеяньняў, якія наносяць шкоду нацыянальнай бясьпецы», і «абраза Лукашэнкі». На той момант Паліна была ўжо за кратамі — Андрэю з дваімі непаўналетнімі дзецьмі на руках прысудзілі хатні арышт. Яму ўдалося ўцячы і выехаць за мяжу.
«Амаль за 4 гады турмы ў Паліны не было ніводнага званка [родным], яна ня чула голасу дзяцей, ня бачыла іх, — расказвае Свабодзе Андрэй Шарэнда. — Паліна — цудоўная маці, гэта для яе ўдар ніжэй пояса — нічога ня ведаць пра дзяцей. Я з зайздрасьцю чую пра іншых палітвязьняў, якія бачаць празь відэасувязь дзяцей, размаўляюць зь імі. У нас не было ні разу».
Апошні год Паліна Шарэнда-Панасюк больш за 6 месяцаў была ў стане інкамунікада — ні ад яе, ні да яе не даходзілі паведамленьні і лісты. Для маці гэта самае вялікае катаваньне, калі яна ня ведае, што зь яе дзецьмі, перакананы яе муж Андрэй.
«Гэтым катаваньнем лукашысты дамагліся свайго — ім удалося зьняць відэа з Палінай. Дакладна не зразумела, якія былі ўмовы, пад якім прымусам на гэта яна пайшла».
Прапагандысты, якія абслугоўваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, пэрыядычна здымаюць палітзьняволеных у адмысловых фільмах. Пры гэтым выкарыстоўваюцца здымкі схаванай камэрай, мантаж. А ўмовы, пры якіх зьняволеныя вымушаныя гаварыць з прапагандыстамі, невядомыя. Часам пасьля гэтага людзі выходзяць на волю, але Паліна ня выйшла, нягледзячы на тое, што яе тэрмін неўзабаве павінен быў скончыцца.
Старэйшаму сыну пары Славаміру-Вітаўту 15 гадоў, сёлета ён паступіў вучыцца ў ліцэй у Варшаве. Малодшаму Стаху — 8, ён вучыцца ў віленскай школе.
«Самае цяжкае для мяне — нават не тлумачыць сынам, дзе мама, а тое, калі яна вернецца. Мы ўжо тры разы чакалі, што вось-вось... Гэтым летам, калі 21 траўня Паліна павінна была выйсьці на волю, дзеці ўжо марылі пра адпачынак разам. Быў шок і ступар, што яе ня вызвалілі. Дзеці ня тое што страцілі надзею, але ня вераць нікому, і нават мне, — уздыхае Андрэй. Ён расказвае, што старэйшы сын рэагуе вельмі балюча, заплюшчвае вочы. Малодшы таксама пачаў разумець, што забралі матулю ня нейкія злыя дзядзькі, а сыстэма.
«Быў пэрыяд, калі Стах забыўся маці, яна станавілася нейкім туманным вобразам, блізкасьць гублялася. Для мяне было гэта вельмі балюча... Цяпер малодшы сын, на шчасьце, сам пачаў цікавіцца мамай, кажа, што вельмі чакае яе, любіць, просіць паставіць відэа з мамай», — расказвае Андрэй Шарэнда.
Для Паліны сапраўдная трагедыя — ня бачыць, як растуць яе дзеці, кажа сябар Шарэндаў журналіст Андрэй Ляўчук:
«Мы [сябры] былі апошнімі, хто бачыў Паліну на волі. Прыйшлі да іх 2 студзеня 2021 году, Андрэй быў ужо на сутках. Малодшы сын Стах кажа: „Паглядзі, якая ў нас ялінка прыгожая!“ На наступны дзень затрымалі і Паліну. І вось тую ялінку дзеці не чапалі да лета — маўляў, вернецца маці, тады разам і разьбяром. Але летам Андрэю зь дзецьмі давялося ўцякаць».
Андрэй Шарэнда расказвае, што калі ў іх нарадзіўся першы сын, Паліна заявіла, што першае дзіця назаве сама.
«Мне давялося саступіць. Яна вельмі доўга выбірала. Спынілася на падвойным імені — Славамір-Вітаўт, спалучэньні сучаснасьці і даўніны. Праўда, і для малодшага сына імя выбрала Паліна. Ён у нас Стах. Паліна вельмі адказная маці, вельмі рупіцца пра сваіх дзяцей, хвалюецца за іх здароўе. А як смачна яна гатуе! Паліна праўда найлепшая маці на сьвеце!» — перакананы Андрэй.
Муж Паліны кажа, што вельмі ўдзячны сваёй цешчы Веры: тая ўзяла на сябе ўсе клопаты па перадачах, пасылках Паліне і ў сваім паважным веку раз на тыдзень едзе зь Берасьця ў Гомель альбо ў Рэчыцу.
«Столькі пакутаў легла на яе! Гэта неверагодна вытрымаць. Мне давялося зьехаць, і цяжар па ўтрыманьні Паліны кладзецца на яе плечы. Сотні паездак, зборы перадач, пасылак — яна вельмі моцны і стойкі чалавек. І надзвычай адукаваная, інтэлігентная жанчына».
Ад «Маладога фронту» да парлямэнту
Андрэй Шарэнда пазнаёміўся з Палінай у канцы 1990-х, калі яна ўзначальвала Берасьцейскую філію «Маладога фронту».
«Першыя некалькі гадоў мы былі проста знаёмымі. Паліна выдавала нам час ад часу „сродкі барацьбы“ — фарбы, улёткі. Ну, а сур’ёзна сустракацца мы пачалі недзе ў 2005 годзе», — узгадвае Андрэй.
У 2006 годзе Андрэй і Паліна апынуліся ў ініцыятыўнай групе кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, у сакавіку разам паехалі ў цэнтар Менску на так званую «Плошчу Каліноўскага», дзе актывісты разгарнулі намётавы гарадок на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.
Акрамя грамадзкай актыўнасьці, іх з Палінай аб’яднала любоў да прыроды, расказвае Андрэй, — пачалі разам хадзіць у грыбы, потым у паходы. Паступова агульныя інтарэсы і сяброўства перарасьлі ў каханьне. У 2009 годзе Андрэй і Паліна пажаніліся. Жылі спачатку разам з Андрэевымі бацькамі, у маладых быў асобны пакой.
«Калі мы пачалі жыць разам, мне давялося цалкам перабудоўваць сваё жыцьцё, бо Паліна такая акуратыстка! У доме заўсёды падтрымлівала ідэальную чысьціню, каб усё было на сваіх месцах, каб не было ніводнай пылінкі», — кажа Андрэй.
У 2017 годзе сям’я актыўна выступала супраць дэкрэту аб дармаедзтве, за што Андрэя двойчы затрымлівалі (ён адседзеў 30 сутак арышту).
У 2019 годзе на парлямэнцкіх выбарах Паліна стала кандыдатам у дэпутаты ад грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь», але пасьля тэлезвароту яе зьнялі з выбараў.
«Мы часьцяком ладзілі дзёрзкія акцыі, аднойчы бел-чырвона-белымі сьцягамі завесілі ўсю Брэсцкую крэпасьць, — узгадвае журналіст Алесь Ляўчук канец 1990-х і „Малады фронт“. — Паліна ўвесь час прынцыпова ішла да канца, як танк, ніколі не спынялася, заўсёды была бескампрамісная. Яна адразу казала, што лукашысты — гэта ворагі і нельга зь імі весьці ніякіх перамоваў. Калі ў 2019 годзе яна ішла ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, у яе быў такі яскравы выступ на тэлевізіі — яна адкрыта назвала Лукашэнку дыктатарам».
За яе пасьлядоўную актыўную грамадзкую пазыцыю паплечнікі сталі называць Паліну Жаннай Д'Арк.
Паводле адукацыі Паліна гісторык, скончыла Берасьцейскі ўнівэрсытэт. Але па спэцыяльнасьці працавала ў беларускамоўнай школе толькі год, расказвае яе муж.
«Пры канцы 1990-х лукашэнкаўская сыстэма пачала зьнішчаць усё беларускае. Беларускамоўную школу, дзе яна выкладала, закрылі, і Паліна не змагла далей працаваць у сыстэме адукацыі. Потым яна вучылася ў Варшаўскім унівэрсытэце на палітоляга, атрымлівала стыпэндыю Лэйна Кіркланда. Абараніла магістарскую дысэртацыю, апошнія гады працавала рэпэтытарам польскай мовы і гісторыі», — кажа Андрэй Шарэнда.
Ён дадае, што жонка вельмі шмат чытала — ва ўсе вольныя хвіліны. У яе штомесяц здараліся паходы ў абласную бібліятэку.
«Яна набірала цэлы стос, паўтара-два дзясяткі кніг. Чытала найперш гістарычную літаратуру. Але яе хобі — навуковая фантастыка. Перачытала ўсе кнігі клясыкаў навуковай фантастыкі. Зь цікавасьцю глядзела гістарычныя і навукова-фантастычныя фільмы і сэрыялы. Паліна магла падтрымаць размову на любую тэму, бо яна прачытала тысячы кніг. У яе магутны інтэлект», — кажа Андрэй.
За кратамі Паліна Шарэнда-Панасюк таксама шмат чытае. Былая палітзьняволеная Ганна Вішняк у 2021 годзе была з Палінай у адным атрадзе Гомельскай жаночай калёніі № 4.
«Паліна ўвесь вольны час была з кнігамі — хоць у бібліятэку яе не пускалі, але кнігі давалі. Я дакладна бачыла яе з кнігамі на беларускай мове, з творамі Сьвятланы Алексіевіч. А вось тэлевізар і сэрыялы яна не любіла глядзець.
У калёніі была крымінальніца Аліна, якая не вылазіла з-за кратаў, але ў яе было маленькае дзіця, таму яна сядзела ў калёніі для „першаходак“. Тая жанчына ня мела нават базавай адукацыі. Дык Паліна зь ёю сур’ёзна займалася беларускай мовай, дыктоўкамі, дапамагала з хатнімі заданьнямі. І займалася не па 5–10 хвілін, а гадзіны па паўтары-дзьве штовечар, калі астатнія глядзелі тэлевізар», — узгадвае Ганна.
Ганна Вішняк адзначае, што калі некаторы час адбывала пакараньне ў Гомлі, Паліна яе моцна падтрымала.
«Калі мяне туды толькі прывезьлі, Паліна стаяла разам з Кацяй Андрэевай (палітзьняволеная журналістка тэлеканалу „Белсат“. — РС), і нас траіх выклікалі на допыт да начальніка па прозьвішчы Збароўскі. Я пра Паліну тады нічога ня ведала, але паколькі яна была з мэдыйнай асобай Кацяй, я зразумела, што гэта наш чалавек! Я была вельмі паніклая, разгубленая, а Паліна памахала мне рукой. Часьцяком дапамагала мне разумнымі, узважанымі парадамі», — узгадвае былая сукамэрніца.
* * *
Увесну 2024 году Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Паліны Шарэнды-Панасюк.
У ліпені сваякі даведаліся, што ў Паліны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.