15 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчу зь міністаркай замежных спраў Нямеччыны Анналенай Бэрбак. Таксама ў сустрэчы ўдзельнічалі намесьнік Ціханоўскай у Аб’яднаным Пераходным Кабінэце Павал Латушка і прадстаўнік АПК у міжнародных справах Уладзімер Астапенка.
Паводле прэс-службы Ціханоўскай, падчас сустрэчы абмеркавалі:
- вызваленьне палітвязьняў,
- магчымасьць пашырэньня праграмы выдачы шэнгенскіх візаў для беларусаў (Ціханоўская прапанавала павялічыць іх колькасьць і зрабіць бясплатнымі візы для моладзі),
- падтрымку Нямеччынай пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд,
- пытаньні легалізацыі беларусаў у Нямеччыне,
- падтрымку незалежных беларускіх мэдыя і беларускай службы Deutsche Welle,
- дапамогу беларускай дыяспары,
- ціск на рэжым Лукашэнкі.
«Я вельмі ўдзячная міністарцы за падтрымку Беларусі, беларусаў і за сяброўства, а самае важнае — за прынцыповую пазыцыю ў барацьбе за нашых палітвязьняў. Нямеччына працягвае быць лідэрам у выдачы візаў і моцна падтрымлівае дэмакратычную Беларусь на міжнароднай арэне», — сказала Ціханоўская пасьля сустрэчы.
Падчас сустрэчы зь міністаркай адукацыі Нямеччыны Бэтынай Штарк-Ватцынгер абмеркавалі праблемы ў беларускай адукацыі, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у прыватнасьці:
- рэпрэсіі ў сфэры адукацыі: арышты выкладчыкаў, пагрозы іх калегам за неданясеньне на «іншадумцаў», забароны на прафэсію і інш.;
- мілітарызацыю сыстэмы адукацыі, а таксама яе «русыфікацыю» (Ціханоўская прывяла ў прыклад выданьне падручніка гісторыі сумесна з Расеяй, які зьмяшчае выгадныя для РФ наратывы);
- ад’езд беларускіх студэнтаў у Расею.
Ціханоўская заклікала міністарку адукацыі Нямеччыны падтрымаць беларускіх студэнтаў, выкладчыкаў і навукоўцаў, якія «знаходзяцца ў зоне рызыкі», каб «дапамагчы захаваць дух вольнай Беларусі». Сярод іншага, яна папрасіла захаваць цяпершанія адукацыйныя праграмы для навукоўцаў і запусьціць новыя, паспрыяць фінансавай падтрымцы навуковых ініцыятываў, павялічыць колькасьць стыпэндыяў і стажаваньняў для беларускай моладзі, дапамагчы ў спрашчэньні легалізацыйных і візавых бар’ераў.
«Шматлікім беларускім студэнтам, якія раней зьвязвалі сваю будучыню з Эўропай, цяпер складаней трапіць у эўрапейскія ўнівэрсытэты. Упершыню большасьць студэнтаў выправіліся па адукацыю ў Расею, а не ў краіны ЭЗ», — адзначыла Ціханоўская.
Міністэрства адукацыі і дасьледаваньняў Нямеччыны разглядае беларускіх навукоўцаў і студэнтаў як частку грамадзянскай супольнасьці і «прынцыпова трымае дзьверы для гэтых людзей адчыненымі», заявіла на брыфінгу пасьля сустрэчы міністарка адукацыі Нямеччыны Бэтына Штарк-Ватцынгер.
Паводле яе, гэта тычыцца ўсіх, хто хоча «з дапамогай стыпэндыяў скласьці сваю карціну [сьвету], незалежную ад расейскай і беларускай прапаганды, а таксама скарыстацца магчымасьцю атрымаць цудоўную, арыентаваную на будучыню адукацыю».
Падчас сустрэчы Ціханоўскай і яе намесьніка ў АПК Паўла Латушкі зь міністрам юстыцыі Нямеччыны Марка Бушманам абмеркавалі прыцягненьне Лукашэнкі да адказнасьці за ўчыненыя ім злачынствы. Паводле Латушкі, міністар Бушман прапанаваў працягнуць узаемадзеяньне ў гэтым пытаньні з Фондам супрацоўніцтва ў сфэры міжнароднага права, «які актыўна ўзаемадзейнічае зь Міністэрствам юстыцыі Нямеччыны», і сказаў, што Бэрлін гатовы «факусавацца на расьсьледаваньні злачынстваў супраць чалавечнасьці ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі ў тым выпадку, калі ахвяры рэжыму знаходзяцца на тэрыторыі Нямеччыны».
Падчас сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнткай Бундэстагу Івонай Магвас кіраўніцтва Аб'яднанага пераходнага кабінэту заклікала Нямеччыну не спыняць падтрымкі для беларускага грамадзтва і ціску на рэжым Лукашэнкі, не дапусьціць прызнаньня вынікаў «выбараў» 2025 году, захоўваць і павялічваць магчымасьці для мабільнасьці беларусаў.
Акрамя гэтага, Ціханоўская, яе намесьнік Павал Латушка і сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава правялі сустрэчу з Групай сяброў Беларусі ў Бундэстагу, удзел у якой узялі прадстаўнікі асноўных партыяў Нямеччыны.
Падчас сустрэчы абмеркавалі пытаньні вызваленьня палітвязьняў, непрызнаньня так званых выбараў 2025 году, пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, падтрымку Нямеччынай беларускіх незалежных мэдыя і ініцыятываў і рэабілітацыю палітвязьняў, а таксама крокі, якія Нямеччына можа зрабіць для вызваленьня палітвязьняў, у тым ліку з гуманітарнага сьпісу. Ціханоўская прапанавала пашырыць кампанію патранажу над палітвязьнямі, заклікала браць беларусаў на стажыроўкі ў Бундэстаг.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з Фрыдрыхам Мэрцам, лідэрам апазыцыі ў Нямеччыне, і абмеркавала зь ім падтрымку эўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі, падтрымку для грамадзянскай супольнасьці і ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне.
«Я ўдзячная дэпутатам Бундэстагу за падтрымку беларускага пытаньня ўсе гэтыя гады, асабліва мы ўдзячныя за рэзалюцыю аб Беларусі, прынятую год назад, якая заклікае пашыраць практыку выдачы візаў, вырашаць пытаньні зь легалізацыяй, падтрымліваць мэдыя і беларускую ідэнтычнасьць. Мы бачым, што рэзалюцыя Бундэстагу ўжо выконваецца», — адзначыла Ціханоўская.
Падчас працоўнага візыту ў Нямеччыну Ціханоўская сустрэлася і з прадстаўнікамі беларускай дыяспары «Разам» у Бэрліне. Яна заклікала іх «браць ініцыятыву ў свае рукі» — не баяцца грукацца ў дзьверы да мясцовых палітыкаў і адстойваць свае інтарэсы, а таксама расказваць нямецкім мэдыя пра сытуацыю ў Беларусі і змаганьне беларусаў за дэмакратыю. На сустрэчы абмеркавалі праблемы легалізацыі беларусаў у Нямеччыне і іх вырашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Нямеччыне: Раней многія верылі ў вечнасьць Бэрлінскага муру, цяпер — у бясконцасьць дыктатуры ў Беларусі