Не пра зьмест, а пра мэты інтэрвію вядомай расейскай вядоўцы-сэлебрыці Ксеніі Сабчак з экс-рэдактарам тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раманам Пратасевічам гаворым з дасьледчыцай прапаганды, мэдыяэкспэрткай, доктаркай філялягічных навук Ірынай Сідорскай і мэдыяэкспэрткай, рэдактаркай выданьня «План Б», былой палітзьняволенай Вольгай Лойкай.
Глядзіце дыскусію на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Давайце паглядзім на гучнае інтэрвію Сабчак з Пратасевічам з пункту гледжаньня «каму гэта патрэбна». Ня думаю, што можна проста так са сваёй ініцыятывы арганізаваць такое інтэрвію выключна для падвышэньня папулярнасьці свайго Youtube-канала. Давайце паспрабуем прааналізаваць: хто з абодвух бакоў стаіць за гэтым і чаму?
Ірына Сідорская: У сваім тэлеграм-канале Ксенія Сабчак сказала, што гэта выключна яе ініцыятыва, што калі яна пабачыла, што Пратасевіч пакінуў Беларусь і цяпер у Дубаі, яе каманда зь ім зьвязалася. Але ці можам мы верыць гэтаму, вялікае пытаньне. Можа, мы не даведаемся праўды, у каго на самой справе была ініцыятыва, але што гэтае інтэрвію будзе вельмі карыснае і беларускай уладзе, і расейскай уладзе, няма ніякіх сумневаў. Гэтаксама няма сумневаў, што нават калі б сама Ксенія Сабчак захацела з уласнай ініцыятывы ўзяць такое інтэрвію, яна, канечне, была б вымушаная ўзгадніць гэтыя дзеяньні найперш зь беларускай уладай.
Вольга Лойка: Не выключаю, што гэта можа быць і асабістая ініцыятыва Ксеніі Сабчак, у тым ліку ў вузкіх, карысьлівых мэтах. Разумеючы, што гэта выгадна і Лукашэнку, і ўладзе ў Расеі, трэба спрабаваць гэта скарыстаць у нейкіх сваіх мэтах. Урэшце, у яе таксама ў Расеі сядзяць людзі. Магчыма, гэта нейкі гешэфт. Насамрэч, нават калі гэта яе асабістая ініцыятыва, яна сама вырашыла, сама дамовілася і ніякай цэнзуры няма, то гэта проста паказвае, як дэградуе журналістыка, якая спрабавала выдаваць сябе за нармальную ў аўтарытарнай дзяржаве. Нармальнаму чалавеку па-за межамі «сасуду» цудоўна бачна, што гэта зусім не падобна да нармальнай журналістыкі. Прынамсі, герой быў у такім стане, што не спрабуйце прадаць гэта нам як інтэрвію свабоднага чалавека.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якое дно». Як адрэагавалі на інтэрвію Сабчак з Пратасевічам
— Чым адрозьніваецца інтэрвію Сабчак з Пратасевічам і інтэрвію Маркава з Пратасевічам? Што іх аб’ядноўвае?
Ірына Сідорская: Я бачу больш агульнага ў гэтых двух інтэрвію. Бачу прасоўваньне тых жа самых наратываў. Ня буду іх агучваць, бо прапаганда гэтага і хоча, каб мы паўтаралі яе наратывы і стваралі тым самым нерэальную карціну сьвету. Адрозьненьне таксама ёсьць. Значна больш ідзе асабістая гісторыя самога Рамана Пратасевіча... Гэта і зразумела, бо трохі розныя аўдыторыі, якія глядзелі інтэрвію. І сама манера, у якой бралі інтэрвію Маркаў і Сабчак, таксама адрозьніваецца. Сабчак грае ролю ня тое што незалежнай журналісткі, а нават лібэральнай такой асобы, якая як быццам аб’ектыўная. Маркаў, зразумела, прадстаўнік дзяржавы, Дзяржтэлерадыёкампаніі, і сама ягоная асабістая манера была больш цынічна-пагражальная. А Сабчак час ад часу ўсьміхалася, рабіла нейкія камплімэнты, але сутнасьці, зьместу гэта не адмяняе.
Вольга Лойка: Першыя дні на пачатку вайны я правяла ў СІЗА. Там усе глядзелі беларускія навіны, а потым расейскія навіны. Ніхто ня верыў беларускай прапагандзе, а расейскай верылі. Я казала: вы што, сур’ёзна лічыце, што прапаганда вам шчыра расказвае пра вайну? Мне адказвалі: «Разумееш, гэта гучыць падобна да нармальнай журналістыкі. Мы ўключылі БТ, там Зяленскага называюць то злобным карлікам, то недаробленым Напалеонам, а па НТВ яго называюць прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім — напэўна, гэта не прапаганда, а навіны». Так і тут. Інтэрвію Сабчак больш падобнае да інтэрвію, інтэрвію з Маркавым больш падобнае да допыту. Гэта пытаньне формы. Банцікі завязаць ці неяк макіяж зрабіць можна. Яна гэта ўмее. Маркаў, можа, ня ўмее, можа, ня лічыць патрэбным.
— Мы ня будзем аналізаваць ці фактчэкіць зьмест інтэрвію, таму што невядомыя ўмовы і абставіны яго стварэньня. А ці можна казаць, што яно ў пэўнай ступені зьвязанае з выбарчай кампаніяй у Беларусі ў 2025 годзе?
Ірына Сідорская: Напэўна, гэта так. Перад выбарамі трэба паказаць усеагульную падтрымку аднаго кандыдата, паказаць, што як быццам адзінства ў краіне, усе праблемы вырашаныя. Бачна, што вельмі хочацца, каб хоць частка беларусаў вярнулася, бо няма каму працаваць і дэмаграфічная праблема вельмі востра стаіць. Таму ўладзе хацелася, каб хаця б частка беларусаў прыехала... І перад выбарамі паказаць карцінку, калі ўсе падтрымліваюць Аляксандра Рыгоравіча і няма сумневаў, за каго галасаваць.
Вольга Лойка: Цалкам магчыма, што гэта была спроба прасунуць Пратасевіча ў мэдыйнай іпастасі. Мяне насамрэч зьдзівіла частка, калі ён расказвае пра сябе, калі апраўдваецца за мінулае. Свабодны чалавек звычайна гаворыць пра будучыню. А тут размовы пра будучыню, пра асабістыя пляны няма. Чалавек адчайна спрабуе выжыць, спрабуе ня тое што знайсьці сябе, а прыдумаць сабе нейкую функцыю, дастаткова бясьпечную... Я ж напісаў прозьвішчы вызваленых. Так, добра. Каму сказалі адпаведныя органы, той і апублікаваў. Сказалі б Васкрасенскаму, апублікаваў бы і ён... Ён адчайна спрабуе сваю патрэбнасьць прадаць у тым ліку і таму, хто стаіць там за камэрай. Насамрэч я рада за Пратасевіча ў тым пляне, што ён жывы фізычна і што зь ім нічога жахлівага фізычна ня здарылася. Бо гэта магло здарыцца. Таму ён адчайна шукае месца ў кампаніі ня ў будучай Беларусі, а ў гэтай, спрабуючы сказаць: «Хлопцы, пакуль я вам патрэбны дакладна», разумеючы, што ў любы момант ён можа стаць абсалютна непатрэбным.
— Ці можна казаць, што Раман Пратасевіч — закладнік, чалавек, які па-ранейшаму ў палоне?
Вольга Лойка: Для мяне абсалютна. Даўжыня павадка зусім не вызначае ступень тваёй свабоды. На кароткім, на доўгім — цябе могуць прывезьці з камэры, даць пераапрануцца ў цывільнае ці даць замазаць сінякі пад вачыма. Гэта ня робіць цябе больш свабодным. Ты закладнік. Ня можаш нічога зьмяніць, гэтыя людзі вырашаюць, што табе гаварыць і рабіць. Я дапускаю, што большую частку ён казаў цалкам шчыра. Сытуацыя ў яго складаная, яму не пазайздросьціш. Яму сапраўды мала хто мог і можа дапамагчы цяпер.
Ірына Сідорская: Я згодная. Канечне, ён закладнік. Ён закладнік найперш рэжыму Лукашэнкі, але я думаю, што ён таксама закладнік і свайго выбару, які ён зрабіў. Складана гаварыць пра тыя ўмовы, у якіх апынуўся Раман Пратасевіч, але ягоная гісторыя з тых, што адлюстроўваюцца ў мастацтве, у таго ж Васіля Быкава творы менавіта пра гэты экзыстэнцыяльны выбар, які рабілі людзі, якія ўсё жыцьцё ішлі побач, а потым у нейкіх выпрабаваньнях выбіралі зусім розны шлях.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.