Пракурор на судзе запытваў для Паліны Шарэнды-Панасюк адзін год зьняволеньня.
Як патлумачыў Свабодзе муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда, яшчэ адзін дзень — гэта не адбыты дзень з былога прысуду.
«Вырак гучыць як сьмяротны прысуд, бо Паліна можа фізычна ня вытрымаць чацьвёртае кола пекла.
„Судзьдзя“ Станіслаў Іванюценка вельмі сьпяшаўся выканаць загад, як мага хутчэй вынесьці прысуд. Каб пачвары пасьпелі адправіць Паліну ізноў у калёнію. Адправіць на новыя пакуты і зьдзекі. Каб пякельнае кола для Паліны працягвала свой ход, выцягваючы з Паліны апошнія сілы і жыцьцё.
Жыцьцё Паліны боўтаецца но тоненькай нітачцы, якая ў любы момант можа абарвацца...» — пракамэнтаваў Андрэй Шарэнда вырак жонцы ў Фэйсбуку.
Суд над Палінай Шарэндай-Панасюк праходзіў з 14 кастрычніка ў судзе Рэчыцкага раёну. Яе судзілі па 411 артыкуле Крымінальнага кодэксу — за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
Муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда па-ранейшаму няшмат ведае пра яе здароўе, за якое ёсьць падставы хвалявацца.
23 траўня 2024 году Паліна Шарэнда-Панасюк мелася выйсьці на волю пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня ў 2,5 года і двух дадатковых тэрмінаў па 1 годзе, дабаўленых судом нібыта за «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі».
Але замест вызваленьня актывістку зьмясьцілі ў Гомельскае СІЗА на час расьсьледаваньня новай крымінальнай справы паводле 411 артыкула КК («Непадпарадкаваньне адміністрацыі турмы»).
Беларускія праваабаронцы прызналі Паліну Шарэнду-Панасюк палітзьняволенай.
На волі Паліну Шарэнду-Панасюк чакаюць муж Андрэй і двое сыноў — Славамір і Стах.
У ліпені сваякі Паліны даведаліся, што ў жанчыны дыягнаставалі «хранічны панкрэатыт сярэдняй цяжкасьці». Нядаўна муж палітзьняволенай Андрэй Шарэнда напісаў пра рэзкае пагаршэньне стану здароўя Паліны.
У сярэдзіне верасьня палітзьняволеную перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомля. Па прыбыцьці яе адразу адправілі ў карцар на 10 дзён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там жудасныя ўмовы, яна сьпіць на падлозе». Паліну Шарэнду-Панасюк на час суду перавялі ў рэчыцкі ізалятар