Згодна з паведамленьнем міністэрства, дзейнасьць друкарні Беларускага таварыства інвалідаў прыпынілі на адзін месяц з 17 кастрычніка 2024 году.
Прычынай прыпыненьня дзейнасьці міністэрства называе «парушэньне пункту 3 артыкула 28 Закону Рэспублікі Беларусь «Аб выдавецкай справе», якім прадугледжана, што ў выпадку зьмяненьня зьвестак, якія ўносяць у рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаванай прадукцыі, прадпрыемства павінна на працягу месяца апавясьціць пра гэта міністэрства і прадставіць дакумэнт, які пацьвярджае зьмяненьні.
Друкарня Беларускага таварыства інвалідаў працуе з 1998 году, выконвае друк на замову паводле макетаў заказчыка. Супрацоўнічае зь дзяржаўнымі ўстановамі, юрыдычнымі і фізычнымі асобамі. Займаецца поўным цыклем дадрукарскай падрыхтоўкі, вырабам і пасьлядрукарскай апрацоўкай.
Беларускае таварыства інвалідаў створанае ў 1988 годзе, аб’ядноўвае больш за 48 тысяч людзей з інваліднасьцю. Таварыства — заснавальнік 56 унітарных прадпрыемстваў, адаптацыйна-аздараўленчай установы «Востраў Надзеі», сацыяльнай установы «Інвацэнтар» і рэдакцыі газэты «Вместе!».
- Пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, са жніўня 2020 году, у Беларусі скасавалі або прыпынілі ліцэнзіі практычна ўсіх незалежных выдаўцоў: «Медысонт», «Галіяфы», «Лімарыюс», «Кнігазбор», «Янушкевіч», выдавецтва Зьмітра Коласа і інш. Больш за дзясятак выдавецтваў і выдаўцоў выехалі зь Беларусі за мяжу.
- 17 ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў папраўкі ў закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь», які надае Міністэрству інфармацыі паўнамоцтвы прыпыняць дзеяньне пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў у абыход судоў, а таксама прадугледжвае пашырэньне пераліку падставаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаванай прадукцыі і для прыпыненьня дзеяньня пасьведчаньняў аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў.