Аляксей Маскалёў, бацька школьніцы, якая намалявала антываенны малюнак, асуджаны ў справе аб дыскрэдытацыі расейскай арміі, выйшаў з калёніі ў горадзе Навамаскоўску Тульскай вобласці.
Каля брамы калёніі яго сустракала дачка Маша і журналісты.
Аляксей Маскалёў пасьля вызваленьня ў аўторак заявіў, што яго трымалі ў жудасных умовах. Маскалёў, усё яшчэ апрануты ў турэмную форму, распавёў расейскаму праваабарончаму праекту «ОВД-Инфо», што ён правёў два месяцы ў штрафным ізалятары, які ён назваў «камэрай катаваньняў».
Ён распавёў, што яны зь яшчэ адным вязьнем сядзелі ў камэры памерам два на адзін мэтар з гнілой падлогай на моцным марозе і расказаў, як вялізныя пацукі запаўзалі ўсярэдзіну.
«Мы кожны дзень знаходзіліся на нагах па 16 гадзін, таму што ложкі былі прычэпленыя да сьцяны, а мэталічная лава была такая халодная, што сесьці на яе было немагчыма», — сказаў Маскалёў.
Бацька-адзіночка Аляксей Маскалёў з гораду Яфрэмава Тульскай вобласьці трапіў у поле зроку расейскіх сілавікоў пасьля таго, як ягоная 13-гадовая дачка вясной 2022 году зрабіла на ўроку ў школе антываенны малюнак, на якім была жанчына з украінскім сьцягам. Дырэктарка школы зьвярнулася ў паліцыю. У кватэры ў Маскалёвых правялі ператрус.
Паліцыя знайшла ў сацсетках Маскалёва камэнтары ў падтрымку Ўкраіны, а таксама карыкатуры на Пуціна. Спачатку Маскалёва аштрафавалі на 32 тысячы рублёў паводле адміністрацыйнага артыкула аб дыскрэдытацыі расейскага войска, а затым завялі супраць яго па аналягічным абвінавачаньні крымінальную справу.
У канцы сакавіка 2023 году Маскалёва пакаралі двума гадамі калёніі. Віны ён не прызнаў. Падсудны на паседжаньні не прысутнічаў, бо за дзень да гэтага ўцёк з-пад хатняга арышту. Пазьней яго затрымалі ў Беларусі.
У сьнежні 2023 году касацыйны суд у Саратаве накіраваў справу Маскалёва на перагляд. Пракурорка тады заяўляла, што прысуд з тэрмінам 2 гады калёніі «даволі мяккі». Пасьля паўторнага разгляду Тульскі абласны суд зьнізіў Маскалёву тэрмін пазбаўленьня волі на два месяцы — яму прызначылі адзін год і 10 месяцаў калёніі замест двух гадоў.
Пасьля арышту бацькі ягоную дачку спачатку накіравалі ў прытулак, а потым аддалі маці, якая шмат гадоў не жыла зь сям’ёй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы ў Менску расеец Маскалёў заявіў, што беларускія сілавікі яго білі