Нарвэскае ўпраўленьне ў справах іміграцыі (UDI) адмовілася выдаваць праязныя дакумэнты іншаземца траім беларусам, якія ўцяклі за мяжу ў сувязі з палітычным перасьледам, паведамляе нарвэскае выданьне VG.no.
24-гадовы Віталь, тэрмін дзеяньня пашпарта якога падыходзіць да канца, падаў заяву на атрыманьне так званага «нарвэскага іміграцыйнага пашпарта», але яго заяву адхілілі. Віталь расказаў выданьню, што ўцёк зь Беларусі ў 2022 годзе (спачатку ў Грузію, а пасьля — у Нарвэгію па праграме «Студэнты рызыкі»), бо «баяўся за ўласнае жыцьцё» пасьля таго, як перажыў «незлічоную колькасьць зьневажальных допытаў, арыштаў, ператрусаў і пагрозаў з боку КДБ» за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах 2020 году.
Беларусы Ганна (імя зьмененае) і Мікіта расказалі выданьню, што ва ўзросьце 20 гадоў прыехалі ў Нарвэгію студэнтамі і працуюць па працоўных візах. Яны таксама кажуць, што ўдзельнічалі ў пратэстах і ахвяравалі грошы розным ініцыятывам, а іх бацькоў арыштоўвалі за ўдзел у пратэстах. Нарвэскае ўпраўленьне ў справах іміграцыі адмовіла ім у выдачы праязных дакумэнтаў іншаземца, палічыўшы, што «няма дастатковай дакумэнтацыі ці малаверагодна, што названыя асобы спрабавалі атрымаць праязныя дакумэнты на радзіме ці што ў іх ёсьць асаблівыя падставы для атрыманьня пашпарта іншаземца».
Як адзначаецца ў артыкуле, разам з гэтым Міністэрства замежных спраў Нарвэгіі раіць устрымацца ад любых паездак у Беларусь. «У Беларусі ўведзена некалькі жорсткіх законаў, паводле якіх нават найменшая крытыка рэжыму можа карацца штрафам ці турэмным зьняволеньнем», — гаворыцца на сайце міністэрства.
На пытаньне, чаму Нарвэскае ўпраўленьне ў справах іміграцыі вымушае беларусаў езьдзіць на радзіму для атрыманьня праязных дакумэнтаў, у ведамстве адказалі наступнае:
«UDI заўсёды прытрымліваецца правілаў, распрацаваных палітыкамі; калі і павінны быць зьмены, яны павінны зыходзіць з палітычнага боку. Калі людзі, пра якіх мы гаворым, маюць дазвол на жыхарства, яны павінна спачатку паспрабаваць атрымаць праязныя дакумэнты ў сваёй краіне або павінны быць асаблівыя прычыны для выдачы пашпарта іншаземца».
На пытаньне, як беларусы цяпер могуць аформіць праязныя дакумэнты ў Нарвэгіі, у Міністэрстве юстыцыі краіны выданьню адказалі, што гэта будзе вырашацца ў індывідуальным парадку.
Справы Віталя, Ганны і Мікіты — гэта тры з многіх прыкладаў таго, што цяперашняя практыка легалізацыі беларусаў у краіне «наогул не працуе», лічыць сакратар Хэльсынскага камітэту Бэрыт Ліндэман. На думку Ліндэман, новая тактыка нарвэскіх уладаў — проста масава адмаўляць у заявах, ня ўлічваючы «вельмі спэцыфічную сытуацыю, у якой знаходзяцца людзі».
«Мы бачым, што іншыя краіны вырашаюць гэтую праблему, але Нарвэгія — не», — падсумавала Ліндэман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Швэцыі заявілі пра магчымасьць выдаваць пашпарты іншаземца беларусам з пратэрмінаванымі дакумэнтамі- У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам забараніў амбасадам і консульствам за мяжой выдаваць новыя пашпарты беларусам. Згодна з указам, грамадзянін Беларусі, які жыве за мяжой, цяпер можа атрымаць пашпарт толькі ў Беларусі — у «органах унутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі па месцы жыхарства».
- Беларускія дэмакратычныя сілы і праваабарончыя арганізацыі, Эўразьвяз і ЗША, асудзілі новы ўказ Лукашэнкі, накіраваны, на іх думку, на ўшчамленьне правоў вымушаных эмігрантаў.
- Пасьля рашэньня беларускіх уладаў не выдаваць беларускія пашпарты за мяжой актуальным стала пытаньне пашпарта замежнага грамадзяніна. Гэта трэвэл-дакумэнт, які выдаецца на падставе часовага дазволу на жыхарства на час тэрміну яго дзеяньня. Пасьля адпаведных заклікаў беларускіх дэмакратычных сілаў шэраг краін Эўразьвязу пачалі выдаваць такія дакумэнты беларусам.