NASA пасьпяхова запусьціла касьмічны апарат да спадарожніка Юпітэра Эўропы

Амэрыканскае аэракасьмічнае агенцтва (NASA) 14 кастрычніка пасьпяхова запусьціла ў космас касьмічны апарат Europa Clipper, які павінен дасьледаваць атмасфэру, грунт і ледавікі Эўропы, спадарожніка Юпітэра.

Навукоўцы лічаць, што зь вядомых плянэт і плянэтоідаў Сонечнай сыстэмы Эўропа найбольш падыходзіць для магчымага існаваньня там бялковага жыцьця.

Ракету-носьбіт Falcon Heavy, якая вывела ў космас сам касьмічны апарат, запусьцілі з касьмічнага цэнтру імя Кенэдзі ў штаце Флорыда каля поўдня паводле мясцовага часу. Усе прыступкі ракеты пасьпяхова аддзяліліся, і Europa Clipper пачаў свой шлях да Юпітэра, піша CNN.

Першапачаткова запуск апарата быў прызначаны на 10 кастрычніка, але яго давялося адкласьці з прычыны ўрагану «Мілтан», які прайшоў па Флорыдзе 10-11 кастрычніка.

Місія Europa Clipper разьлічаная на 4 гады. Спадарожнік Юпітэра Эўропа пакрыты тоўстым лёдам, пад якім, як мяркуецца, знаходзіцца акіян. Гэта робіць Эўропу адным з галоўных аб’ектаў для вывучэньня заселенасьці ў Сонечнай сыстэме. Асноўная мэта місіі — высьветліць, ці ёсьць на Эўропе ўмовы для жыцьця, такія як вада, энэргія і неабходныя хімічныя злучэньні. Як адзначыў кіраўнік праекту Джордан Эванс, апарат Europa Clipper ня зможа непасрэдна выявіць жыцьцё на спадарожніку, бо на борце няма прыбораў, якія здольныя пацьвердзіць яго існаваньне.

Аднак калі Europa Clipper дакажа магчымасьць існаваньня жыцьця на Эўропе, будзе запушчана другая місія, спэцыяльна накіраваная на пошук формаў жыцьця, што можа адкрыць новыя гарызонты ў пошуку жыцьця ў галяктыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белы дом даручыў NASA стварыць стандарт часу на Месяцы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палёт у космас — падарунак Беларусі за ляяльнасьць». Як Беларусь асвойвала космас і колькі гэта каштуе