Былога супрацоўніка Штазі асудзілі за забойства на мяжы ў Бэрліне ў 1974 годзе

Заходні Бэрлін, Нямеччына, 1961 год. Ілюстрацыйнае фота

Былога афіцэра усходнегерманскай таемнай паліцыі асудзілі на 10 гадоў турмы за забойства паляка, які спрабаваў уцячы ў Заходні Бэрлін 50 гадоў таму, піша BBC.

Мужчыне, які названы ў судовых дакумэнтах Мартынам Манфрэдэам Н., цяпер 80 гадоў. Ён застрэліў Чэслава Кукучку ў сьпіну на станцыі Фрыдрыхштрасэ ў 1974 годзе, пасьля таго, як той зайшоў у польскую амбасаду, сьцвярджаючы, што нясе бомбу, і патрабаваў дазволіць яму пакінуць краіну і выехаць у дэмакратычную Заходнюю Нямеччыну.

Дэталі гэтага забойства заставаліся невядомымі на працягу дзесяцігодзьдзяў, бо таемная паліцыя Штазі зьнішчыла дакумэнты, зьвязаныя з гэтай справай, да таго, як камуністычная Ўсходняя Нямечына аб'ядналася з Заходняй у 1991 годзе. Бэрлінская пракуратура выставіла абвінавачваньні супраць яго ў 2023 годзе пасьля настойлівых расьсьледаваньняў з боку гісторыкаў і польскіх уладаў.

29 сакавіка 1974 году 38-гадовы Чэслаў Кукучка, пажарны, зайшоў у польскую амбасаду на Ўсходнебэрлінскім бульвары Унтэр-дэн-Ліндэн з партфэлем. Бацька траіх дзяцей сказаў — хлусячы — што нясе бомбу. Ён патрабаваў дазволу пакінуць Усходні Бэрлін і выехаць у Заходні. Агенты Штазі далі яму выязную візу, трохі заходнегерманскіх грошай і правялі да станцыі Фрыдрыхштрасэ, якую ўсё яшчэ абслугоўвалі цягнікі з заходняга боку горада.

Кукучка прайшоў некалькі памежных праверак на станцыі, аднак, перш чым ён змог дабрацца да яе заходняй часткі, іншы мужчына наблізіўся да яго ззаду і стрэліў у сьпіну.

Група школьнікаў з Гесэна ў Заходняй Нямеччыны была сярод сьведкаў забойства. Адна са сьведкаў на судзе распавяла, што бачыла, як мужчына страляў у Кукучку, пасьля чаго «людзі ў форме» заблякавалі праход.

Дэталі гэтай справы раскрылі гісторыкі, якія адшукалі зьвязаныя дакумэнты ў архівах Штазі. Дакумэнты, якія зьвязвалі Наўмана з забойствам і былі зьнішчаныя, аднавілі з дапамогай спэцыяльнай машыны.

Сям'ю Кукучкі афіцыйна не праінфармавалі пра ягоны лёс. Прах загінулага адправілі ягонай жонцы празь некалькі тыдняў пасьля забойства.

Справу перадалі ў суд пасьля таго, як Польшча выдала эўрапейскі ордар на арышт Наўмана ў 2021 годзе. Судовы працэс разглядаецца як важны гістарычны момант у Няммеччыне, падобна да судоў над жывымі злачынцамі Галакосту.

Мартын Манфрэд Н. заўсёды настойваў на сваёй невінаватасьці. Ягоны адвакат заявіў, што няма доказаў таго, што ён зьдзейсьніў забойства.

  • Усходняя Нямеччына была створаная з частак Нямеччыны, акупаваных Савецкім Саюзам пасьля паразы нацысцкай Няммечны ў 1945 годзе. Гэта была камуністычная дыктатура, у той час як Заходняя Нямеччына — створаная з амэрыканскіх, брытанскіх і францускіх акупацыйных зонаў — была капіталістычнай дэмакратычнай дзяржавай. У 1991 годзе яны аб'ядналіся, утварыўшы сучасную Нямеччыну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па дарозе зь Нямеччыны ў Нямеччыну. Што слухаць, глядзець і чытаць пра падзеньне Бэрлінскага муру