Ціханоўская ў Нямеччыне: Раней многія верылі ў вечнасьць Бэрлінскага муру, цяпер — у бясконцасьць дыктатуры ў Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская выступае на Бэрлінскім форуме «Будучыня Беларусі». 14 кастрычніка 2024

Сьвятлана Ціханоўская, яе намесьнік у Аб'яднаным пераходным кабінэце (АПК) Павал Латушка і іншыя прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў пачалі двухдзённы візыт у Бэрлін, падчас якога правядуць сустрэчы з ключавымі нямецкімі службоўцамі і наведаюць шэраг імпрэзаў.

14 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі АПК прымаюць удзел у Бэрлінскім форуме «Будучыня Беларусі», які праходзіць пад слоганам «Дэмакратычная Беларусь у эўрапейскай сям’і». Форум арганізаваны фондам імя Конрада Адэнаўэра. На ім абмяркоўваюць цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі і падтрымку Нямеччынай і Эўропай дэмакратычных памкненьняў беларусаў.

Сярод удзельнікаў форуму — старшыня Фонду Конрада Адэнаўэра прафэсар Норбэрт Лямэрт, дзяржсакратар МЗС Нямеччыны Тобіяс Лінднэр, сябры групы «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце Нямеччыны і іншыя. Разам зь Ціханоўскай у форуме ўдзельнічаюць і іншыя прадстаўнікі Аб'яднанага пераходната кабінэту: намесьнік Ціханоўскай Павал Латушка, прадстаўнік па міжнародным і эўрапейскім супрацоўніцтве Ўладзімер Астапенка, прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык, кіраўнік апарату АПК Валеры Мацкевіч.

Сьвятлана Ціханоўская выступіла на форуме з прамовай, падчас якой узгадала, што Нямеччына была другой краінай, якую яна наведала ў 2020 годзе адразу пасьля «выгнаньня» зь Беларусі.

Сьвятлана Ціханоўская падчас выступу

«Мне [падчас першага візыту ў Нямеччыну] сказалі, што Беларусь — адна з нешматлікіх тэмаў, якая аб’ядноўвае ўсе нямецкія партыі і палітычныя групы. І мне прыемна бачыць, што гэтае адзінства захоўваецца і сёньня», — заявіла яна.

Ціханоўская адзначыла, што ў 2020 годзе яе як «пачаткоўку ў палітыцы» кранула падтрымка нямецкіх палітыкаў, для якіх яна была на той момант невядомай асобай. «Але зь цягам часу я радая, што гэтая сувязь ператварылася ў доўгатэрміновае партнэрства і сяброўства», — дадала палітык.

Падчас свайго выступу Ціханоўская падкрэсьліла, што Бэрлін — ідэальнае месца для абмеркаваньня таго, што чакае Беларусь. Як калісьці бэрлінцы былі падзеленыя сьцяной, так і беларусы сёньня адлучаныя ад сваёй дэмакратычнаё эўрапейскай будучыні, зазначыла палітык.

«Некалькі дзён таму мы адзначылі 35 гадоў аб’яднаньня Нямеччыны. Гэты значны момант нагадвае нам, што нічога не бывае пастаянным. Многія калісьці верылі, што Бэрлінскі мур будзе стаяць вечна, як і некаторыя цяпер думаюць, што дыктатура ў Беларусі ніколі ня скончыцца, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Людзі на ўсходзе перамаглі дыктатуру, бо верылі ў альтэрнатыву, якую прапаноўвала заходняя дэмакратыя. Тое ж самае мусіць адбыцца і зь беларускім народам — яны павінны паверыць, што ЭЗ зьяўляецца сапраўднай альтэрнатывай іхняму аўтарытарнаму становішчу».

Беларуская дэмакратычная лідэрка адзначыла, што для таго, каб гэта адбылося, Эўразьвяз павінен ня толькі абяцаць гэтую будучыню — ён павінен вызначыць ясны шлях для Беларусі і паказаць, што гэта будучыня можа стаць рэчаіснасьцю.

З нагоды прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году ў Беларусі Ціханоўская падчас свайго выступу расказала пра запуск нацыянальнай і міжнароднай кампаніі, якая заклікае да свабодных выбараў у Беларусі, і папрасіла прысутных падтрымаць яе.

«Толькі разам мы можам дасягнуць нашай мэты. Таму я дзякую вам усім за тое, што вы працягваеце падтрымліваць нас. Мы працягваем змагацца, бо ведаем, што вы з намі. І з вашай дапамогай мы абавязкова пераможам», — зазначыла беларуская дэмакратычная лідэрка.

Візыт Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Аліны Коўшык і іншых прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў у сталіцу Нямеччыны будзе праходзіць 14-16 кастрычніка.

Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што ў яе прадугледжаныя сустрэчы з кіраўніцтвам ўраду і парлямэнту, сярод іх:

  • Робэрт Габэк, віцэ-канцлер і міністар эканомікі і барацьбы са зьменай клімату;
  • Анналена Бэрбак, міністарка замежных спраў;
  • Марка Бушман, міністар юстыцыі;
  • Бэтына Штарк-Ватцынгер, міністарка адукацыі і дасьледаваньняў;
  • Вольфганг Шміт, кіраўнік Фэдэральнай канцылярыі;
  • дэпутаты Бундэстагу, уключна з Робінам Вагэнэрам і прадстаўнікамі Партыі «зялёных».
  • Фрыдрых Мэрц, кіраўнік партыі Хрысьціянска-дэмакратычны зьвяз.

Паводле прэс-службы Ціханоўскай, найбольшую ўвагу беларуская дэмакратычная лідэрка сфакусуе на такіх тэмах, як патэнцыйная роля Беларусі ў мірных перамовах па Ўкраіне, міжнародная адказнасьць рэжыму Лукашэнкі (справа ў Міжнародным крымінальным судзе), вызваленьне палітвязьняў і мабілізацыя дэмакратычных сілаў у адказ на адсутнасьць выбараў 2025 году.

Акрамя таго, Ціханоўская сустрэнецца зь беларускай дыяспарай у Бэрліне для ўмацаваньня сувязяў і абмеркаваньня стратэгіяў дэмакратычных зьменаў.

Намесьнік Ціханоўскай у АПК Павал Латушка таксама правядзе шэраг сустрэч у ведамстве канцлера Нямеччыны, Бундэстагу і МЗС Нямеччыны, падчас якіх плянуе абмеркаваць падтрымкку нямецкім бокам звароту ўраду Літвы ў МКС у сувязі са злачынствамі рэжыму Лукашэнкі ў дачыненьні да беларусаў, выбары 2025 году ў Беларусі і цяперашнія рэпрэсіі ў краіне і інш.

Вядома таксама, што 15 кастрычніка Ціханоўскай уручаць прэмію Schwarzkopf Europe у знак прызнаньня яе непахіснай прыхільнасьці дэмакратыі і вяршэнству закону ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская абмеркавала зь міністрам юстыцыі Польшчы справу супраць Лукашэнкі ў Гаазе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Польшчы выступіла на канфэрэнцыі АБСЭ і абмеркавала з польскімі ўладамі зварот Літвы ў Гаагу