Судзяць былога начальніка кацельні ў Віцебску
14 кастрычніка ў Віцебскім абласным судзе распачаўся суд над Уладзімерам Сітковічам. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Справу разглядае судзьдзя Яўген Буруноў, паведамляе «Вясна».
Вядома, што да затрыманьня Ўладзімер працаваў начальнікам кацельні Віцебскага алейнага заводу. Ён захапляецца матацыкламі.
У 2016, 2018, 2019 гадах Уладзімер быў назіральнікам на мясцовых і парлямэнцкіх выбарах. Раней яго ўжо затрымлівалі, у траўні 2024 году яго асудзілі на адміністрацыйны арышт за падпіску на «Краіну для жыцьця» ў TikTok.
Судзяць дызайнэра-ілюстратара
У Менскім гарадзкім судзе мужчыну судзяць за «садзейнічаньне экстрэмізму» і ўдзел у пратэстах.
14 кастрычніка распачаўся працэс над 41-гадовым дызайнэрам Сяргеем Скібінскім, піша «Вясна». Падсуднага вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4) і «Ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Сутнасьць абвінавачаньня невядомая.
Сяргей да 2020 году быў дырэктарам дызайн-агенцтва poligraf.bу. Ён любіць падарожнічаць і фатаграфаваць. У сацыяльных сетках Сяргей публікуе фота са сваіх вандровак, пэйзажы. Апошні раз ён быў у сеціве 19 студзеня.
Працэс вядзе Сьвятлана Чарапанава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Там жудасныя ўмовы, яна сьпіць на падлозе». Паліну Шарэнду-Панасюк на час суду перавялі ў рэчыцкі ізалятар