Ва Ўкраіне кнігу «Белорусский национализм против русского мира», напісаную беларускім палітолягам Кірылам Авяр’янавым-Мінскім і расейскім журналістам Уладзіславам Мальцавым, уключылі ў пералік выданьняў, зьмест якіх накіраваны на ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, прапаганду гвалту, распальваньне міжэтнічнай, расавай, рэлігійнай варожасьці, учыненьне тэрактаў, замах на правы і свабоды чалавека.
Як паведамілі Свабодзе ў Дзяржаўным камітэце тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Ўкраіны, сьпіс, абноўлены 4 кастрычніка, налічвае 522 кнігі антыўкраінскага характару.
У пераліку таксама тры кнігі колішняга прэм’ера Ўкраіны Міколы Азарава, які цяпер хаваецца ў Расеі ад крымінальнай адказнасьці за дзяржаўную здраду, — «Украина: от переворота до выборов», «Украина на перепутье. Записки премьер-министра» і «Уроки майдана. Украина после переворота», выдадзеныя ў расейскім выдавецтве «Вече», а таксама кніга амэрыканскага рэжысэра, сцэнарыста і прадусара Олівэра Стоўна «Интервью с Владимиром Путиным».
У Дзяржтэлерадыё адзначылі, што за распаўсюд гэтых кніг прадугледжваецца крымінальная адказнасьць паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. Найбольш суровае пакараньне — пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.
Кнігу «Белорусский национализм против русского мира» выдала няўрадавая арганізацыя «Міжнародная маніторынгавая арганізацыя CIS-EMO», створаная з ініцыятывы Расеі ў 2003 годзе для назіраньня за выбарамі ў краінах Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ).
У анатацыі да кнігі адзначаецца, што ў Беларусі забароненая «агульнаруская ідэалёгія», якая прасоўвае «нацыянальнае адзінства вялікарусаў і беларусаў, нягледзячы на папулісцкія заявы Аляксандра Лукашэнкі накшталт „мы ж рускія людзі“».
Паводле аўтараў кнігі, «у беларускім грамадзтве з году ў год умацоўвае свае пазыцыі местачковы нацыяналізм, які традыцыйна мае антырасейскую накіраванасьць».
«Асабліва яскрава нацыяналістычныя тэндэнцыі праявіліся ў Беларусі ў сувязі з украінскім крызісам: дзясяткі маладых беларусаў накіраваліся на Данбас для ўдзелу ў карных апэрацыях супраць жыхароў гістарычнай Наваросіі».
Ва Ўкраіне гэтую кнігу забаранілі ў 2022 годзе за паўтара месяца да пачатку расейскага ваеннага ўварваньня.
На пачатку кастрычніка ва Ўкраіне забаранілі для рэалізацыі 604 кнігі, выдадзеныя беларускімі выдавецтвамі, у тым ліку рэлігійнымі.
У прыватнасьці, для продажу ва Ўкраіне забаранілі 16 кніг рэлігійнага характару, у тым ліку мінімум дзьве, выдадзеныя ў выдавецтве Беларускага Экзархату — «Мученичество в раннем христианстве: очерки исторического восприятия» Віктара Фядосіка, Валянціны Яноўскай і Алега Яноўскага, а таксама «Исповедь. Митрополит Антоний (Храповицкий)».
Як патлумачылі ў Дзяржтэлерадыё, сярод забароненых для продажу — кнігі, што выдаваліся пераважна па-расейску ў выдавецтвах «Мінск», «Палікрафт», «Махаон» і «Папуры» у 2008, 2021 і 2022 гадах. Сучасных беларускіх твораў сярод забароненых няма.
Украіна з 2014 году абмяжоўвае пастаўкі кніг расейскіх выдавецтваў, а пасьля расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, увяла забарону на распаўсюд выданьняў, зробленых у Беларусі.