У Літве 13 кастрычніка адбываюцца выбары ў Сейм. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны Ліна Петранене адзначыла ў размове з агенцтвам Elta, што яўка выбарцаў чакаецца большай за 50%, а значыць, і большай за паказьнік папярэдніх выбараў.
Парушэньняў у дзень выбараў зафіксавана некалькі, усе яны пакуль нязначныя. У Рокішках адзін зь сяброў выбарчай камісіі быў нападпітку, яго вывелі са складу камісіі. У Панявежы камісія, падобна, паставіла адзнаку ў бюлетэнь замест грамадзяніна.
А 19-й гадзіне ЦВК Літвы паведаміў, што на выбары прыйшлі 50,36% выбарцаў, да закрыцьця ўчасткаў тады заставалася гадзіна.
Пры гэтым парушэньняў на выбарах ужо зафіксавана больш, чым было ў час прэзыдэнцкіх выбараў вясною. Арганізацыя «Baltųjų pirštinių», якая фіксуе парушэньні на выбарах, у той жа час адзначыла, што зарэгістравала болей за 60 парушэньняў, перадае LRT.
Паводле зьвестак ЦВК, найбольш актыўна на сёлетніх выбарах галасуюць жыхары Вільні, Коўны, Уцяны і Шаўляў. Найменшая колькасьць — 37,8% — галасавалі ў рэгіёне Вісагіна-Нальша.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт патлумачыў, як можа зьмяніцца палітыка Літвы адносна Беларусі, калі на выбарах перамогуць левыя ці радыкалы