Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка».
Новы закон аб занятасьці ўзмацняе патрабаваньні да прызначэньня і атрыманьня дапамогі па беспрацоўі. Як сьцьвярджае прэсавая служба Лукашэнкі, «у мэтах выключэньня ўтрыманскіх настрояў». Дапамога будзе прызначацца пры выкананьні наступных ўмоваў:
- неабходна зарэгістравацца ў службе занятасьці на працягу месяца з даты звальненьня;
- не менш як пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўным знаходзіцца ў працоўных адносінах з выплатай узносаў у Фонд сацабароны насельніцтва.
У Беларусі дапамогу па беспрацоўі атрымліваюць толькі тыя людзі, якія сталі на ўлік у цэнтры занятасьці. Аднак, як нагадвае «Люстэрка», дадзеныя па гэтых выплатах Белстат і Мінпрацы раней засакрэцілі. Іх максымальны памер — дзьве базавыя велічыні, што цяпер складае ўсяго 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям, напрыклад, якія выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%.
Паводле новага закону максымальны пэрыяд знаходжаньня на ўліку ў службе занятасьці скарачаецца з 18 да 12 месяцаў, пэрыяд выплаты дапамогі па беспрацоўі памяншаецца ўдвая — з шасьці да трох месяцаў.
Акрамя таго, уводзіцца інстытут кваціраваньня працоўных месцаў для людзей з інваліднасьцю. Квоты будуць устанаўлівацца ў парадку і памерах, вызначаных урадам, для наймальнікаў усіх форм уласнасьці (акрамя грамадзкіх аб’яднаньняў людзей з інваліднасьцю, некамэрцыйных і бюджэтных арганізацый).
Разам з тым закон прадугледжвае пашырэньне пераліку катэгорый беспрацоўных, якім даюцца дадатковыя гарантыі занятасьці. Да іх аднесеныя людзі перадпэнсійнага ўзросту (за пяць гадоў да дасягненьня пэнсійнага ўзросту), а таксама тыя, хто спыніў знаходзіцца ў ЛПП, і асобы, якія пакутуюць на алькагалізм, наркаманію і прайшлі мэдычную рэабілітацыю.
Пры абмеркаваньні закону ў Нацыянальным сходзе міністарка працы і сацабароны Натальля Паўлючэнка заяўляла, што ўзмацненьні жорсткасьці для непрацаўладкаваных павінныя іх матываваць больш актыўна шукаць працу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былых сілавікоў і вайскоўцаў пазбавяць пэнсіі пры пераезьдзе ў «недружалюбныя краіны»Таксама сёньня Лукашэнка падпісаў зьмены ў закон аб пэнсіях для былых сілавікоў.
Паводле прэсавай службы Лукашэнкі новы закон прыняты ў мэтах захаваньня ўзроўню і парадку пэнсійнага забесьпячэньня сілавікоў пасьля выхаду Беларусі з шэрагу міжнародных дамоваў.
Падчас прыняцьця паправак у Савеце Рэспублікі (СР) намесьнік старшыні сталай камісіі СР ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Валер Гайдукевіч тлумачыў, што папраўкі прадугледжваюць пэўныя льготы для былых сілавікоў і чальцоў іх сем’яў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а тыя зь іх, хто зьяжджае ў «недружалюбныя краіны», будуць пазбаўленыя гэтых ільготаў.
«Недружалюбнымі» беларускія ўлады лічаць краіны Эўразьвязу, ЗША, Альбанію, Вялікую Брытанію, Ісьляндыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвэгію, Паўночную Македонію, Сэрбію, Чарнагорыю і Швайцарыю.
«Гэта тычыцца тых людзей, якія зараз прымаюць рашэньне пакінуць Беларусь. Яны мусяць разумець, што пэнсіяй яны забясьпечвацца ня будуць», — тлумачыў Гайдукевіч.