«Мілтан», які стаў пятым сярод наймацнейшых атлянтычных ураганаў за ўсю гісторыю назіраньняў у ЗША, перасёк штат, паваліўшы дрэвы й слупы электраперадач, затапіўшы вуліцы, разбурыўшы будынкі. Больш за 2,7 мільёна дамоў Флёрыды застаюцца без электрычнасьці — некаторыя яшчэ зь мінулага ўрагану «Гэлен», які абрынуўся на штат у канцы верасьня. Мясцовыя прытулкі вывезьлі больш за 200 жывёлаў з найбольш пацярпелых раёнаў у прытулкі паўночных штатаў.
Аналітыкі папярэдне падлічылі, што шкода ад «Мілтана» можа дасягнуць 100 мільярдаў даляраў — гэта амаль удвая больш, чым шкода ад усіх катастроф, якія здарыліся ў ЗША да верасьня мінулага году. Белы дом паабяцаў фэдэральную падтрымку пацярпеламу штату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ураган «Мілтан» абрынуўся на Флорыду. Больш за 2 мільёны чалавек засталіся без электраэнэргіі, ёсьць ахвярыПерад ураганам па Флёрыдзе пранесьліся прынамсі 19 тарнада. На заходнім узьбярэжжы штату, дзе «Мілтан» выйшаў на сушу, пікавы ўзровень нагону вады дасягнуў трох мэтраў. Адзначаецца, што ад урагану больш пацярпела усходняе ўзьбярэжжа штату, куды «Мілтан» дайшоў ужо аслабленым і выйшаў у акіян.
Губэрнатар Флёрыды Рон Дэсантыс заявіў, што штат унікнуў найгоршага сцэнару (баяліся простага ўдару па густанаселеных прыбярэжных гарадах), але шкода ад яго ўсё роўна значная.
Ураганы, падобныя да «Мілтана» і «Гэлен», мацнеюць пры зьмене клімату: яны падсілкоўваюцца акіянічнымі водамі, што цяплеюць год ад году, а цяплейшае паветра дазваляе ўраганам утрымліваць больш вільгаці.