Міністар моладзі і спорту Ўкраіны Мацьвей Бедны і прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Вадзім Гутцайт заклікалі прэзыдэнта Міжнароднага алімпійскага камітэту Томаса Баха і кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі барацьбы (United World Wrestling) Нэнада Лалавіча не дапускаць спартоўцаў з Расеі і Беларусі да чэмпіянату сьвету ў барацьбе, які адбудзецца 28-31 кастрычніка ў Тыране (Альбанія).
Як паведамілі ў Міністэрстве моладзі і спорту Ўкраіны, у прыватнасьці, мова ідзе пра тых спартоўцаў, якія ўдзельнічалі ў прапагандысцкіх мерапрыемствах або выказвалі сваю падтрымку расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Сярод такіх спартоўцаў украінскія чыноўнікі назвалі, у прыватнасьці, беларуску Ірыну Курачкіну і двух расейскіх спартоўцаў — Абдулрашыда Садулаева і Завура Ўгуева, якія ўдзельнічалі ў «прапагандыскіх мерапрыемствах або ў сацыяльных сетках падтрымлівалі вайну». Гэтыя спартоўцы кваліфікаваліся на турнір у Тыране ў якасьці «нэўтральных атлетаў».
Прадстаўнікі Ўкраіны заклікалі Міжнародны алімпійскі камітэт «захаваць салідарнасьць з украінскім народам і не дапускаць расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў, пакуль працягваецца вайна».
Чэмпіянат сьвету ў барацьбе адбудзецца ў Альбаніі з 28 да 31 кастрычніка. У яго праграме спаборніцтвы ў вольнай, грэка-рымскай і жаночай барацьбе. У кожным відзе разыграюць мэдалі ў чатырох неалімпійскіх вагавых катэгорыях. У той жа час у чэмпіянаце ня змогуць удзельнічаць спартоўцы, якія сёлета бралі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Парыжы (Францыя).
Беларуска Ірына Курачкіна атрымала ліцэнзію на ўдзел у Алімпіядзе ў спаборніцтвах у барацьбе вольнага стылю, аднак не была дапушчаная да Гульняў. Перад гэтым украінскія спартовыя функцыянэры таксама заклікалі Міжнародны алімпійскі камітэт не дапускаць яе да ўдзелу ў Алімпіядзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Удзел у Алімпіядзе-2024 пацьвердзілі 11 індывідуальных нэўтральных спартоўцаў зь БеларусіІрына Курачкіна трэнуецца ў спартовым клюбе МУС Беларусі. Яна падпісала ліст спартоўцаў, якія выступілі на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі пасьля жорсткага разгону акцый пратэсту пасьля выбараў у 2020 годзе. Яна ўдзельнічала ў прапагандысцкай кампаніі аб правядзеньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў 2022 годзе. У 2023 годзе спартоўка ўдзельнічала ў мерапрыемствах зь Віктарам Лукашэнкам, які знаходзіцца пад санкцыямі Канады, Эўразьвязу, ЗША, Аўстраліі, Новай Зэляндыі і Вялікай Брытаніі за падтрымку расейскай агрэсіі.
Сёлета ў лютым Ірына Курачкіна ўдзельнічала ў чэмпіянаце Эўропы ў Будапэшце (Румынія), дзе заваявала залаты мэдаль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна прапанавала МАК не пускаць на Алімпіяду беларуску і трох расеек, якія «адкрыта падтрымліваюць вайну»