Эўразьвяз адклаў запуск новай сыстэмы ўезду ў Шэнгенскую зону

Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейскі Зьвяз адклаў увядзеньне новай біямэтрычнай сыстэмы праверкі ўезду для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, бо Нямеччына, Францыя і Нідэрлянды заявілі, што памежныя кампутарныя сыстэмы яшчэ не гатовыя. Пра гэта паведамляе Reuters.

Сыстэма не пачне працаваць 10 лістапада, як плянавалася, паведаміла журналістам кіраўніца камісіі ўнутраных справаў ЭЗ Ільва Югансан. Новага графіку пакуль няма, але разглядаецца магчымасьць паэтапнага ўвядзеньня, дадала яна.

Сыстэма ўезду/выезду (EES) мусіць стварыць лічбавы запіс, які зьвязвае праязны дакумэнт з біямэтрычнымі зьвесткамі, якія пацьвярджаюць асобу, а таму ня будзе патрэбы ўручную ставіць штамп у пашпарце на вонкавай мяжы ЭЗ.

Але ад грамадзян краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, што прыбываюць у Шэнгенскую зону свабоднага перамяшчэньня, спатрэбяцца рэгістрацыя адбіткаў пальцаў, сканаваньне твару і адказы на пытаньні наконт месца іх знаходжаньня.

Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных справаў Нямеччыны заявіў, што тры краіны, на якія прыпадае 40% патоку пасажыраў, не гатовыя ўвесьці EES, бо «яшчэ не дасягнутыя неабходная стабільнасьць і функцыянальнасьць» цэнтральнай сыстэмы EES, якую забясьпечвае агенцтва ўкараненьня ІТ-сыстэм у Эўразьвязе. Міністэрства ўнутраных справаў Францыі заявіла, што, хоць Францыя перакананая ў карыснасьці EES, яе ўкараненьне трэба належна падрыхтаваць.

Запуск EES быў заплянаваны на 2022 год, аднак ня раз зрываўся праз тэхнічныя праблемы і затрымкі з усталяваньнем аўтаматызаваных бар’ераў на ўсіх міжнародных сухаземных, морскіх і паветраных межах Шэнгенскай зоны.

Раней паведамлялі, што Эўрапейскі Зьвяз з 10 лістапада ўводзіць новыя правілы ўезду ў краіны Шэнгенскай зоны. Пры першым уезьдзе ў грамадзян будуць прымаць біямэтрычныя зьвесткі: адбіткі пальцаў і фота твару. Зьвесткі будуць захоўвацца тры гады, паўторна іх здаваць ня трэба. Гэтыя захады павінны спрасьціць перасячэньне мяжы, перадухіліць выкарыстаньне падробленых пашпартоў і процідзейнічаць нелегальнай міграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўскладняе візавыя правілы пасьля карупцыйнага скандалу. Гэта датычыць і гуманітарных візаў