У пракуратуры Кіева паведамілі аб раскрыцьці схемы незаконнага перамяшчэньня грамадзян празь мяжу ў Эўропу, а адтуль празь Беларусь і Расею на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласьці.
Як паведамілі ў прэсавай службе кіеўскай пракуратуры, двум грамадзянам Украіны выставілі падазрэньні паводле ч. 3 артыкулу 332 Крымінальнага кодэксу (прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 7 да 9 гадоў з пазбаўленьнем на тры гады права займаць пэўныя пасады і ажыцьцяўляць пэўную дзейнасьць з канфіскацыяй маёмасьці).
Паводле сьледзтва, прадпрымальнік, які прапаноўваў транспартныя паслугі, разам зь іншымі фігурантамі справы стварылі ў Telegram закрытую групу, у якой публікавалі абвесткі пра рэгулярныя рэйсы з Кіева ў Данецк і іншыя гарады, якія з 2014 году знаходзяцца пад расейскай акупацыяй, і ў адваротным кірунку.
Пасажырскія перавозкі Кіеў — Данецк на маршрутных аўтобусах ажыцьцяўлялі праз афіцыйныя пункты пропуску з Польшчай, далей пасажыраў везьлі ў Беларусь, адкуль іх адпраўлялі самалётамі ў Маскву, а там іх чакаў загадзя падрыхтаваны аўтобус, які ўжо вёз людзей на акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласьці. Цана квітка на такія рэйсы складала 350-400 эўра.
Сьледзтва працягвае расьсьледаваньне, каб высьветліць іншых датычных да схемы незаконнага перасячэньня ўкраінскай мяжы.
Прамыя зносіны між Украінай і акупаванымі тэрыторыямі Данецкай і Луганскай абласьцей адсутнічаюць з 2014 году. Нацыянальнае заканадаўства Ўкраіны забараняе наведваньне гэтых абласьцей праз тэрыторыі іншых краін.