У мясцовых Тэлеграм-каналах і чатах, а таксама ў сацыяльных сетках беларусы пачалі публікаваць фота прыгожага палярнага зьзяньня з розных гарадоў — Менску, Берасьця, Гомля, Горадні, Магілёва, Мазыра і інш.
Таксама палярнае зьзяньне назіраюць 10 кастрычніка і ў іншых краінах сьвету.
«Рэзкае ўзмацненьне палярных зьзяньняў чакаецца ў найбліжэйшую гадзіну. Максымум яркасьці, паводле разьлікаў, прыпадзе на 21:45 па Маскве. Верагоднасьць назіраньня для Санкт-Пецярбурга складае каля 80%, для Масквы −60%», — паведамілі ў Лябараторыі сонечнай астраноміі Інстытута касьмічных даследаваньняў Расейскай акадэмі навук і Інстытута сонечна-зямной фізыкі Сібірскага аддзяленьня РАН.
Прычынай гэтай зьявы, як удакладняецца, зьяўляецца магнітная бура. Увечары 10 кастрычніка на Зямлю абрынуліся магутныя магнітныя буры кляса G4.
«Магнітныя буры чакаюцца вельмі моцнымі, у піку да кляса G4 ці нават вышэй, і працяглымі. Пачатак абурэньняў магнітасфэры Зямлі чакаецца каля поўдня. Працягнуцца магнітныя буры з ваганьнямі інтэнсіўнасьці ў дыяпазоне ад сярэдняй да вельмі моцнай (G2-G4) да суботы. Пасьля магнітныя буры будуць менш інтэнсіўнымі — клясаў G1-G2», — паведаміў раней вядучы спэцыяліст расейскага цэнтру надвор’я «Фобас» Міхаіл Леўс.
Паводле спэцыяліста, па сіле цяперашнія магнітныя буры змогуць параўнацца з бурамі, якія прайшлі ў траўні 2024 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Зямлі пачалася наймацнейшая за 20 гадоў магнітная бура