Сёлета прэмію атрымала карэйская пісьменьніца Хан Ган «за інтэнсіўную паэтычную прозу, якая супрацьстаіць гістарычным траўмам і паказвае кволасьць чалавечага жыцьця».
У сваёй творчасьці Хан Ган сутыкаецца з гістарычнымі траўмамі і нябачнымі правіламі. Яна валодае ўнікальным усьведамленьнем сувязі паміж целам і душой, жывым і мёртвым, і ў сваім паэтычным і экспэрымэнтальным стылі стала наватарам у сучаснай прозе, напісалі арганізатары прэміі.
Раней карэянка, якой цяпер 53 гады, атрымлівала Букераўскую прэмію. Яна была ўзнагароджаная за раман «Вэгетарыянка», у якім рашэньне жанчыны перастаць есьці мяса мела разбуральныя наступствы.
Хан Ган першая прадстаўніца Карэі, якая стала набэлянткай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літаратурны Нобэль-2024: чаканьні й расчараваньніРаней уладальніцай Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры была беларуская расейскамоўная пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч.
Прэмія прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1 мільён даляраў) з спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Яна прысуджалася 117 разоў. Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскую прэмію ў хіміі прысудзілі за працу зь бялкаміКаму дасталіся іншыя прэміі
Прэмію ў мэдыцыне ў панядзелак атрымалі Віктар Амброс і Гэры Раўкун, іх узнагародзілі за адкрыцьцё драбнюткіх кавалачкаў генэтычнага матэрыялу, якія служаць спалучальнікамі ўнутры клетак і дапамагаюць кантраляваць працэсы ў клетках арганізму. Калі навукоўцы змогуць лепш зразумець, як яны працуюць і як імі маніпуляваць, гэта можа прывесьці да стварэньня магутных мэтадаў лячэньня такіх захворваньняў, як рак.
У аўторак прэмію ў фізыцы прысудзілі Джону Гопфілду з Прынстанскага ўнівэрсытэту (ЗША) і Джэфры Гінтану з Унівэрсытэту Таронта (Канада). «За асноватворныя дасьледаваньні і вынаходзтвы, якія ўключалі машыннае навучаньне з дапамогай штучных нэўронавых сетак». Гопфілд стварыў асацыятыўную памяць, якая можа захоўваць і аднаўляць выявы і іншыя тыпы дадзеных. Гінтан вынайшаў мэтад, які можа аўтаномна знаходзіць уласьцівасьці ў дадзеных і выконваць такія задачы, як ідэнтыфікацыя канкрэтных элемэнтаў на фатаграфіях.
У сераду ўручылі прэмію ў хіміі. Яе атрымалі Дэйвід Бэйкер (вашынгтонскі ўнівэрсытэт у Сіетле, ЗША) і супрацоўнікі Google Deepmind Дэміс Хасабіс і Джон Джампэр. У 2003 годзе Бэйкер распрацаваў новы бялок, і з таго часу ягоная дасьледчая група стварала адно за адным бялковыя ўтварэньні, у тым ліку бялкі, якія можна выкарыстоўваць у фармацэўтычных прэпаратах, вакцынах, нанаматэрыялах і малюсенькіх датчыках, паведаміў Нобэлеўскі камітэт. Хасабіс і Джампэр стварылі мадэль штучнага інтэлекту, якая змагла прадказаць структуру практычна ўсіх 200 мільёнаў бялкоў, якія ідэнтыфікавалі дасьледнікі.
- Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэстыжная прэмія міру ўручаецца ў Осла, згодна зь ягоным жаданьнем, а іншыя цырымоніі ўзнагароджаньня праходзіць у Стакгольме.
- Сярод грамадзян Беларусі ёсьць двое нобэлеўскіх ляўрэатаў: Сьвятлана Алексіевіч (прэмія ў літаратуры 2015 году) і Алесь Бяляцкі (прэмія міру 2022 году).