Ураган «Мілтан» абрынуўся на Флорыду як шторм катэгорыі 3. Ураган хуткасьцю больш за 160 км/г пачаўся пасьля шквалу тарнада. У апошнія гадзіны шторм накіраваўся на поўдзень і абрынуўся на Сіеста-Кі каля Сарасоты, прыкладна за 112 кілямэтраў на поўдзень ад Тампы, піша АР.
NBC паведаміў пра гібель двух чалавек у гэтым мястэчку.
Паводле некаторых зьвестак, гэта наймацнейшы ўраган у гэтым рэгіёне за 19 гадоў.
«Трапікана Філд», стадыён бэйсбольнай каманды «Тампа Бэй Рэйс» у горадзе Санкт-Пецярбург, аказаўся моцна пашкоджаным. Тэлевізійныя выявы паказалі, што тканіна, якая служыць дахам купалападобнага будынка, разарваная на шматкі. Пакуль не зразумела, ці ёсьць пашкоджаньні ўнутры стадыёну. Стадыён мае найбольшы ў сьвеце купалападобны дах, што падтрымліваецца тросамі.
Больш за 2,6 мільёна дамоў і прадпрыемстваў абясточаныя агулам у Флорыдзе, паведамляе poweroutage.us, які адсочвае справаздачы камунальных службаў.
Найбольшая колькасьць адключэньняў электраэнэргіі была ў акрузе Гардзі, а таксама ў суседніх акругах Сарасота і Манаці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША ад урагану «Гэлен» загінулі больш за 225 чалавек, многія зьніклі бязь вестакПраз ураган скасаваная перадсэзонная гульня баскетбольных клюбаў НБА «Арланда Мэйджык» — «Маямі Гіт», якая мелася адбыцца ў Маямі. Аэрапорт Арланда закрыты. Агулам па краіне адкладзена больш за 1900 рэйсаў.
У рэгіёне скасавалі заняткі і мерапрыемствы ў шэрагу каледжаў і ўнівэрсытэтаў. У Заходняй і Цэнтральнай Флорыдзе пачаліся паводкі.
Паводле інфармацыі мэтэаролягаў, ураган аслабеў, але ўсё яшчэ нясе небясьпеку.
Раней праз ураган і неабходнасьць спраўляцца зь ліквідацыяй яго наступстваў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, а зь ім дзяржаўны сакратар Энтані Блінкен адклалі візыт на саміт у фармаце «Рамштайн», дзе павінна была вырашацца далейшая дапамога Ўкраіне ў вызваленчай вайне з Расеяй. Пазьней стала вядома, што сустрэчу кіраўнікоў дзяржаў скасавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз ураган у ЗША Байдэн ня змог паехаць на саміт, прысьвечаны дапамозе Ўкраіне. Саміт скасавалі