«У кастрычніку, лістападзе і сьнежні ў нас ёсьць шанец рушыць наперад да міру і трывалай стабільнасьці. Сытуацыя на полі бою стварае магчымасьць зрабіць гэты выбар — выбар рашучых дзеяньняў па спыненьні вайны не пазьней за 2025 год», — заявіў Зяленскі, яго цытуе Reuters.
Цяпер расейскія войскі займаюць крыху менш за 20% тэрыторыі Ўкраіны на ўсходзе і поўдні краіны і паступова прасоўваюцца наперад пасьля патавай сытуацыі, якая зацягнулася, пакуль Кіеў спрабуе заручыцца падтрымкай Захаду ў надзеі пераламаць ход вайны, піша «Голас Амэрыкі». Кіеў актыўна лабіруе заходнія дзяржавы, імкнучыся атрымаць дазвол наносіць з дапамогай заходняй зброі ўдары па ваенных аб'ектах у глыбіні расейскай тэрыторыі
Таксама падчас сустрэчы Зяленскі распавёў, што зь ліпеня ва Ўкраіне працуюць над «формулай міру».
«У лістападзе яна будзе гатовая з усімі ўмовамі, у якіх прапісана справядлівае заканчэньне вайны. Гэта будзе зроблена на другім саміце міру», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны прызнаў, што стаіць пытаньне, як прымусіць Расею ўдзельнічаць у саміце і рэалізаваць «формулу міру», бо цяпер Расея «пазьбягае сумленнай і адкрытай дыпляматыі».
Ва Ўкраіне, паводле Зяленскага, распрацавалі плян дзеяньняў, здольны «выправіць бягучую сытуацыю з будучым самітам міру».
«Першы пункт пляна засяроджаны на тым, ці будзе вырашаная праблема адсутнасьці геапалітычнай пэўнасьці ў Эўропе. Ці ёсьць ва Ўкраіны месца ў NATO? Калі так, і гэта будзе належным чынам пацьверджана, дык Пуцін прайграе ў геапалітычным пляне», — заявіў Зяленскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праз ураган у ЗША Байдэн ня змог паехаць на саміт, прысьвечаны дапамозе Ўкраіне. Саміт скасаваліУ Харватыі Зяленскі паведаміў, што правядзе перамовы з лідэрамі Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі і Нямеччыны у бліжэйшы час.
«На працягу дня я пачну перамовы з ключавымі партнэрамі, ад якіх залежыць ваенны складнік нашага ўмацаваньня», — цытуе кіраўніка Ўкраіны яго прэсавая служба.
Па словах Зяленскага, ён правядзе перамовы з кожным з чатырох лідэраў, а затым прадставіць «плян перамогі» усім партнэрам падчас сустрэчы ў фармаце Rammstein.
Сустрэча лідэраў краінаў групы падтрымкі Ўкраіны Rammstein павінная была адбыцца 12 кастрычніка. Аднак прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн і дзяржсакратар Энтані Блінкен адмянілі свае паездкі ў Нямеччыну з-за ўрагану «Мілтан».
«Любы кіраўнік у падобных умовах застаўся б у сваёй краіне. Але асабліва важны лідэрскі фармат Rammstein, таму мы разумеем, што ў бліжэйшы час можа быць падрыхтаваны новы расклад», — сказаў Зяленскі.
- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе Вашынгтон сабраў групу прыблізна з 50 краін, міністры абароны якіх рэгулярна сустракаюцца на амэрыканскай авіябазе ў Рамштайне на паўднёвым захадзе Нямеччыны, каб абмяркоўваць запыты Кіева на ўзбраеньне.